Даследчык рэчаіснасці Алесь Разанаў. Сёння яму споўнілася б 77

Разанаў — загадка. Разанаў — разэнкрэйцэр. Разанаў — і камень, і скульптар. Ствараючы новыя формы, ён разбурае нормы і парушае законы. Пачынаючы з «Каардынатаў быцця», любы́ ягоны зборнік — дастатковы для дысертацыі. 

Алесь Разанаў. Фота: gsu.by

Алесь Разанаў. Фота: gsu.by

Разанаў — Крэпасць, аб якую ламаюцца паэталагічныя дзіды...

Пра Алеся Разанава гаварылася шмат. Чатыры дзесяцігоддзі яго імя не сыходзіла з вуснаў неабыякавых да паэзіі. І яшчэ — невядома колькі — не будзе сыходзіць. 

Пісалася — меней. Бо што ты напішаш пра тое, як расце дрэва? І заўсёды, як пішацца акадэмічна, «аб’ектыўна», з раскладаннем і прэпарыраваннем, адчуваеш: не тое, не так, «трэба глыбей». Як адчуваў дваццаціпяцігадовы паэт, калі пакутліва абіраў-нараджаў свой выключны Шлях (ці, праўдзівей, Шлях абіраў яго), ствараючы паэму «Назаўжды», дзе развітваўся з сілаба-тонікай. Развітваўся не назаўсёды.

Калі казаць акадэмічна, у паэме выявіўся ўвесь спектр творчых пошукаў Разанава пачатку 1970-х гадоў. Дайшоўшы да пэўнай прыступкі ў сілаба-тоніцы, паэт пачуўся задушліва ў яе межах. Таму паэма «Назаўжды» ўспрымаецца як гэткі развітальны рэверанс у бок класічнага вершаскладання. Гэтым поўняцца завяршальныя строфы твора. Вартавы зачакаўся змены.

Сто сэнсаў налічыць развага

станоўчых і анты да іх...

Ды сэнсу суцэльнага прага — 

адзінага —

поўніць уздых.

Адсюль паўстае мысленне, адрознае ад слаўна знанага дыялектычнага руху, мысленне, што шукае новыя формы выяўлення, каб разліцца ў іх. 

Засталося задаць каардынаты, набраць у грудзі паветра і... ступіць у нязведанасць.

Як адзначыў Пятро Васючэнка, «Алеся Разанава ў літаратуру прывялі пад канвоем», маючы на ўвазе знакавы зборнік «Шлях-360» (1981), які выходзіў з прадмовай Народнага паэта Пімена Панчанкі, пасляслоўем Варлена Бечыка і пад агульнай рэдакцыяй Уладзіміра Караткевіча. Славутыя рэцэнзенты, са слоў П. Васючэнкі, «абаранялі тэкст спераду і ззаду ад мажлівых абвінавачванняў у авангардызме і нацыяналізме».

Словы Разанава — не толькі паэтычныя, але і паэталагічныя — былі важкія, нечаканыя і патрэбныя для таго, каб зарадзіць сваёй энергіяй 1980-я.

«Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве — з матэрыі вядомай, і адраджаецца, калі — з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці. Думка абмяжоўвае. Наколькі адкрывае, настолькі абмяжоўвае. Чым больш адкрывае, тым больш абмяжоўвае. Разумнае абмежавана, адкрыццё неразумнае».

Выдыхнуўшы «Жыве эксперымент!», Разанаў выпраўляецца ў шлях, ад пачатку нацэлены на адкрыццё, якое адбываецца як у галіне развіцця рытміка-інтанацыйнай сістэмы, гэтак і ў пашырэнні кола праблематыкі, скіраванасці да анталагічнага асэнсавання рэчаіснасці. Скрозь ламаюцца стэрэатыпы, размываецца мяжа паміж паэтычным і празаічным. Пры гэтым цесная повязь разанаўскага верша з традыцыяй беларускага вершаскладання не раз заўважалася рознымі даследнікамі. Так, у кнізе Алы Кабаковіч «Беларускі свабодны верш» А. Разанаў цалкам слушна разглядаецца як прадаўжальнік традыцыі нацыянальнай філасофскай лірыкі: ад Купалы і Багдановіча — да Танка і Стральцова. Тая ж неперарыўнасць традыцыі заўважаецца і Ганнай Кісліцынай — аўтаркай манаграфіі па творчасці Разанава, дзе цэлы раздзел прысвечаны пошуку паралелей паміж ідэйна-творчымі пошукамі паэта і класічнай літаратурнай традыцыяй. Праз прызму вершаванай творчасці Вацлава Ластоўскага спрабаваў зірнуць на эксперыментальную паэтыку Разанава Алесь Пашкевіч.

Глядзіце таксама

Шырока выкарыстоўваючы ў паэтычных творах дыялогі з сучаснікамі і папярэднікамі, тое, што пазней назавуць інтэртэкставай гульнёй, Разанаў стварае і новы тып літаратурна-крытычнага артыкула, прынцыпы якога пазней скандэнсуюцца ў знакамітых разанаўскіх філасафемах — зномах. У іх паэт прапаноўвае ключ, выпрацоўвае тэзаўрус і да асэнсавання ўласнае творчасці. Гэтак, кажуць, мастак, пішучы партрэты іншых, заўсёды стварае аўтапартрэт. Гаворачы пра Коласа і Купалу («Нататкі на дубовых лістах» друкаваліся ў «Вобразе» за 1983 год), Разанаў амаль не ўводзіць цытат для пацвярджэння сваёй думкі, яго займае сам працэс думання, фармулявання і сачэння за логікай развіцця думкі. Яго мова выходзіць па-за межы звыклага нарматыўнага літаратуразнаўства, аперыруючы такімі катэгорыямі і паняццямі (часам нават аказіянальнымі), як «ток мовы», «экстатычны і медытатыўны», «ультрагукавы і інтрагукавы», «энэргетычнае дрэва творчасці», «дапаняцційны сэнс», «іншаведанне» і г.д. Ён не будуе прычынна-выніковых ланцугоў і не выдае пэўную сваю думку як апошнюю інстанцыю, гэтым заклікаючы чытача да сумоўя, самастойнага думання, уцягвае ў працэс сутворчасці...

Выявіўшыся ў 1990-я як флагман інтэлектуальнай паэзіі, А. Разанаў не замкнуўся на скразным інтэлектуалізме, ствараючы як традыцыйныя з фармальнага гледзішча рэчышчы (сілаба-танічныя паэмы пачатку 1990-х гадоў), гэтак і ў межах сваіх эксперыментальных жанраў закранаючы надзённую праблематыку (напрыклад, у такіх версэтах, як «Прэзідэнт», «Кладкі», «Sumus ne simus» і пункцірах сярэдзіны 1990-х). 

Шматграннасць творчых набыткаў А. Разанава абумовіла нечаканы вынік пры апытанні дзеячаў беларускай культуры газетай «Наша Ніва», калі большасць рэспандэнтаў сярод літаратараў, вартых звання Народны пісьменнік, назвала А. Разанава.

Тэндэнцыя да лексічнай мінімізацыі паэтычнага тэкста адначасова з імкненнем да гранічнай кандэнсацыі думкі, павелічэнне ступені празаізацыі поруч з вынаходніцтвам новых вобразна-выяўленчых прыёмаў і сродкаў выразнасці, што праяўляецца ў пункцірах, квантэмах, версэтах і вершаказах А. Разанава, з’яўляюцца дамінантнымі ў развіцці сучаснай беларускай паэзіі, аблічча якой сфарміравалася пад заўважным уплывам творчасці паэта (зноў перапрашаю за акадэмізм).

Вось далёка няпоўны пералік аўтараў, што працуюць ці працавалі ў адным жанрава-тэматычным полі з А. Разанавым: Ігар Бабкоў, Анатоль Сыс, Адам Глобус, Алег Мінкін, Алесь Аркуш, Ларыса Раманава, Віктар Слінко, Юрась Пацюпа, Міхась Баярын... 

Увайшоўшы ў беларускую культурную прастору і сцвердзіўшыся ў ёй як яркі наватар, А. Разанаў на сёння з поўным правам можа называцца пачынальнікам пэўнай паэтычнай школы, што арыентуецца найперш на метафізічны досвед, погляд унутр сябе і праз гэта асэнсоўвае рэчаіснасць. 

Глядзіце таксама

Асобнай «тэмай для дысертацыі» з'яўляецца шырокая перакладчыцкая дзейнасць А. Разанава, а таксама блізкая да яе праца па адаптаванні старабеларускай літаратурнай спадчыны — твораў К. Тураўскага, Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Сапегі і інш. Гэтыя ўзнаўленні-ператлумачванні А. Разанава могуць разглядацца як самастойны аўтарскі жанр.

Творы А. Разанава перакладзены больш як на 20 моў свету, што якасна пашырае беларускі літаратурны кантэкст. Ствараючы тэксты ад пачатку па-нямецку і па-літоўску, паэт нават здолеў увайсці ў моўныя стыхіі іншых нацый і застацца верным свайму прынцыпу: заўсёды рухацца далей, ведучы жывы дыялог з рэаліямі сённяшняга дня, бо «паэзія мае справу з рэчаіснасцю ва ўсім яе маштабе», і той, хто адначасна пачуваецца шляхам і «тым, хто па ім ідзе», у каго няма загадзя падрыхтаваных адказаў і фармулёвак, магчыма, найперш і варты звання паэта — даследчыка рэчаіснасці, які адначасна і трансфармуе яе.

«І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам самім».


У снега позірк маіх надзей

Алесь Разанаў (5.12.1947—26.08.2021)

Снег

Такое маўчанне ў снезе,

такая далеч,

такая бель —

што замірае душа:

не ўмее яна яшчэ быць такою.


Шастае шорсткая асака.

Сінеюць самотныя лозы.

У вёсцы запальваюць агні.


У снега позірк маіх надзей,

у снега маіх летуценняў голас.

Снег, ты з бясконцасці? 

ты з дасканаласці? 

ты са скону?


Усё, што буяла, цвіло, красавала,

Усё, што стала мінулым,

Усё, што вярнуцца назад не можа, —

Вярнулася ў белы снег.


У наваколлі яшчэ адно наваколле,

У адвячорку яшчэ адзін адвячорак,

У долі яшчэ адна доля: снег.

Свет спавядаецца перад снегам.

Кранаю далонню снег.


Маланка

Тады, калі я ўвайшоў у бажніцу i,

зачыніўшы дзверы, стаў гутарыць

з небам, з неба раптоўна

ўпала маланка i раскалола

бажніцу надвое.

Людзі, якія прыйшлі на світанні,

адбудавалі з адной яе палавіны

бажніцу світання, a людзі,

якія прыйшлі на змярканні,

адбудавалі з другой палавіны

бажніцу змяркання. 

— Хадзі да нас, — 

заклікаюць мяне адны, — 

гэта ж твая бажніца: 

ты зноў тут зможаш казаць 

свае словы да неба... 

— Хадзі да нас, — 

пераймаюць мяне другія, — 

гэта твая бажніца: 

ты зноўку тут зможаш слухаць,

што кажа неба... 

А я ўсё стаю на тым самым месцы,

здранцвелы, уражаны, праяснёны,

не маючы мовы, каб гаварыць, — 

з маланкаю ў сэрцы.


Апора

Нам няма на што абаперціся.

Крышталі пэўнасці, на якія мы

ўскладалі такія вялікія спадзяванні, 

нечакана пераўтвараюцца ў ластавак 

i шпакоў i імкліва адлятаюць ад нас.

У вырай, — збянтэжана разводзім 

мы рукамі.

I мы нічога не можам зрабіць 

з гэтым неспасціжным выраем, 

не можам яму запярэчыць.

Мы жывём у свеце, дзе вечар 

змяняецца раніцай, вясна — 

восенню, жыццё — смерцю, 

дзе час рухаецца ў адзін бок, 

дзе адзіная адвечна ўстойлівая апора —

гэта страчванне яе:

в ы р а й.


На гэтай зямлі

Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход, 

Хто — дарогу на захад...

Нібы раздарожжа, я паказваю ўсім, 

Куды ісці, а сам застаюся на месцы — 

на гэтай зямлі, пад гэтым небам, 

занадта лёгкі для глыбіні,

занадта цяжкі для вышыні,

занадта цэласны, каб падавацца 

ў які-небудзь бок...

Вось мая левая рука, вось — правая...

Я кладу зерне ў дол —

i яно вырастае ў дрэва:

на адной галіне ў яго сонца,

на другой — месяц,

рознагалосыя птушкі з усіх канцоў 

свету спяваюць на ім свае песні 

i ладзяць гнёзды...

Тут мой захад, i тут — усход.


Бязмежжа

Палову жыцця падаюся ў свет,

палову — варочаюся са свету,

палову жыцця пішу на дарозе

свае імёны,

палову — закрэсліваю напісанае,

палову жыцця расту ад зямлі,

палову —

расту з зямлёю:

i ўсё менш ува мне мяне, 

i ўсё больш

бязмежжа.б


Артыкул упершыню апублікаваны да 75-годдзя Алеся Разанава ў "Літаратурнай Беларусі"