ЗША папросяць ЕС адмяніць візы для ўкраінцаў

ЗША звернуцца да партнёраў у Еўрапейскім Саюзе з просьбай неадкладна даць грамадзянам Украіны бязвізавы рэжым.



ukraine_eu_flag.jpg

Пра гэта заявіла віцэ-прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Вілія Алекнайтэ-Абрамікене, паведамляе тэлеканал TBi.
Еўропа закрые ўезд для вінаватых у разгоне Майдана
З яе слоў, нарэшце АБСЕ пачула выразную пазіцыю ЗША. Вашынгтон заявіў, што Амерыка акажа вялікую дапамогу ўмацаванню дэмакратыі ва Украіне і будзе старанна назіраць за кожным крокам украінскай улады.

Як сцвярджае Алекнайтэ-Абрамікене, ЗША звернуцца да партнёраў у Еўрапейскім Саюзе з просьбай неадкладна даць грамадзянам Украіны бязвізавы рэжым.


Такі крок будзе першым у справе падтрымкі народа Украіны.
Шэраг еўрапейскіх дэлегацый адобрыў гэтую ідэю. На думку многіх, Майдан цяпер патрабуе дакладных сігналаў падтрымкі з боку сусветнай супольнасці і не толькі палітыкаў, але і шараговых грамадзян, асабліва моладзі.

«Я тройчы была на Майдане і бачыла гэтыя твары. Ніякай агрэсіі, — распавяла віцэ-прэзідэнт.  —  Яны хочуць жыць у еўрапейскай і незалежнай краіне і справядліва бачаць гарантыю гэтага ў далучэнні да ЕС. Трэба адчуць гэтую атмасферу ў тым ліку і прадстаўнікам улады. Трэба пачуць свой народ, а не хавацца ад яго. Патрэбен дыялог, але выснова не з'яўляецца аптымістычнай: цяперашняя ўлада маральна слабая для такіх дзеянняў».


Раней ідэю бязвізавага ўезду для грамадзян паўднёвай суседкі Беларусі падтрымаў кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага парламента па супрацоўніцтве з Украінай Павел Коваль. На яго думку, ЕС павінен выразна заявіць пра тое, што візы для ўкраінцаў будуць адменены ў бліжэйшы час.
Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне трэці тыдзень. Актыўны ўдзел у іх бяруць і прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.
Як стала вядома ўчора ўвечары, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч 6 снежня зрабіў прыпынак у горадзе Сочы на шляху з Кітая дадому і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Стораны, у прыватнасці, казалі аб падрыхтоўцы будучай дамовы аб стратэгічным партнёрстве. Як паведаміў у сваім блогу рэдактар часопіса The Economist Эдвард Лукас, Януковіч паабяцаў Пуціну, што Украіна ўступіць у Мытны саюз.
У сувязі з гэтым, на думку брытанскага журналіста, чакаюцца дэманстратыўныя паводзіны з боку прэзідэнта Расіі з гэтай нагоды і вельмі жорсткая рэакцыя (разгон, увядзенне надзвычайнага становішча) ва Украіне.
Сёння на Майдане Незалежнасці павінна прайсці раней абвешчанае апазіцыяй Народнае веча.
charter97.org