Затрыманы ва Украіне беларус з «ДНР» мусіць прайсці судова-псіхіятрычную экспертызу

Следчыя Службы бяспекі Украіны не змаглі ў вызначаны законам тэрмін (на працягу двух месяцаў) завершыць дасудовае расследаванне справы затрыманага 10 жніўня ў Данецкай вобласці грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў стварэнні тэрарыстычных арганізацый — ён служыў у 1-м асобным танкавым батальёне «Самалі» непрызнанай «Данецкай народнай рэспублікі». Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд падоўжыў тэрміны дасудовага расследавання справы да 10 снежня. Да гэтага часу следства плануе правесці судова-псіхіятрычную экспертызу ў дачыненні падазраванага, а таксама атрымаць з Беларусі інфармацыю, якая дапаможа сабраць дадатковыя доказы яго віны. На падставе гэтых ды іншых сабраных звестак следства мае скласці і выставіць беларусу абвінавачанне — яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.
Увесь гэты час грамадзянін Беларусі будзе знаходзіцца ў Марыюпальскім следчым ізалятары — тэрмін утрымання яго пад вартай падоўжаны да 3 снежня.
Аб затрыманні грамадзяніна Беларусі стала вядома 14 жніўня. Паведамлялася, што яго затрымалі спецслужбы на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласці. У той жа час адвакат Аляксандр Гарэлаў сцвярджаў, што яго падабаронны «добраахвотна прыбыў у органы СБУ і супрацоўнічае са следствам».
Вядома, што затрыманы беларус нарадзіўся ў Віцебску, раней ужо быў асуджаны ў Беларусі, мае дзіця 2009 году нараджэння. На судовым працэсе, калі выбіралася мера стрымання, ён прызнаў сваю віну. Верагоднае прозвішча затрыманага — Новікаў.
Радыё Свабода