Замежныя СМІ пра Беларусь: 9–16 снежня

Беларускія ўлады не павінны верыць таму, што арыштаваныя журналісты былі маргіналамі і крытыкавалі Лукашэнку па ўласнай ініцыятыве. Як мінімум два з трох рэсурсаў... належаць або кіруюцца ўладнымі структурамі Расіі. (...) 

© РИА Новости. Уладзімір Вяткін

© РИА Новости. Уладзімір Вяткін



Рыторыка Крамля, што выклікала рэакцыю Мінска, вельмі нагадвае інфармацыйную кампанію супраць Украіны напярэдадні ўварвання. Тыя ж тэзісы. Няма розніцы, якая палітыка вашай дзяржавы — імперыя прагне крыві і пашырэння.

«Политнавигатор» (Украіна)


Нельга не адзначыць, што арышты журналістаў агенцтва «Regnum» у Беларусі адбыліся амаль ва ўнісон з абсалютна неадэкватнымі заявамі Назарбаева. На гэты раз прэзідэнт Казахстана раптам пусціўся ў развагі пра тое, як рускія прымушалі казахаў глытаць пыл... У абодвух выпадках мы назіраем адно і тое ж — і Лукашэнка, і Назарбаеў разумеюць, што часу ў іх застаецца ўсё менш. Як следства, ужо правераныя крокі набываюць паскораны і больш грубы характар. (...) У канчатковым рахунку, усё гэта кажа толькі пра адно. Пакуль постсавецкімі рэспублікамі кіруюць палітычныя выхадцы з Савецкага Саюза, нічога не зменіцца. Яны заўсёды будуць разглядаць свае дзяржавы як асабістую ўласнасць, для абароны якой варта адмовіцца ад любых прынцыпаў.

«Сегодня» (Расія)


У Брусэлі ўрад PiS (польская партыя «Права і Справядлівасць») не жадаюць бачыць, затое яго запрашаюць у Мінск. Мары PiS пра моцную Польшчу ў моцнай Еўропе завяршаюцца ў Беларусі, якая знаходзіцца пад кантролем былога дырэктара калектыўнай фермы. Гонар быць прынятым у салонах кіраўніка Беларусі атрымаў кіраўнік польскага Сената. Атрымаў, напэўна, таксама задавальненне, як і тыя сябры PiS, хто раней наведваў Мінск. Такі добры чалавек гэты Лукашэнка. А тое, што пераследуе польскую меншасць, задушыў палітычную апазіцыю і СМІ, якая справа да гэтага PiS?

«Polityka» (Польшча)


У Масквы на дадзены момант няма прычын урывацца ў Беларусь. Наўрад ці яны з’явяцца і бліжэйшым часам. Мінск імкнецца не даваць Крамлю падстаў для прыняцця крайніх мер і абыходзіць «чырвоныя лініі» паспяхова, хоць і негалосна выбудоўваючы ў той жа час нейтралітэт на працягу ўжо больш чым дзесяці гадоў. Насуперак распаўсюджанай думцы, Масква трывае гэта (як і трывала ў свой час пабудову фінскага нейтралітэту). Больш за тое, як паказала спроба размясціць у Беларусі ў 2013–2015 гадах расійскую авіябазу, якая правалілася, Мінск паспяхова знаходзіць узаемапрымальныя рашэнні ў адносінах з Расіяй у сітуацыі, калі на яго ціснуць нават расійскія сілавыя ведамствы.

«Azeri» (Азербайджан)


Палітыка Мінска ў сферы інфармацыі — слабае звяно. Беларусь сур’ёзна прайграе ва ўплыве расійскім прапагандысцкім рэсурсам, якія добра фінансуюцца і ахопліваюць больш за 60 працэнтаў аўдыторыі краіны. У арсенале беларускага кіраўніцтва ёсць адзін апрабаваны спосаб — рэпрэсіі, аднак самі па сабе затрыманні мясцовых аўтараў артыкулаў для РФ агульнай сітуацыі не зменяць. Пакуль улады спалі, Крэмль захапіў беларускае інфармацыйнае поле.

«Deutsche Welle» (Германія)


А далей будуць яшчэ пасадкі і зачыстка поля. Пры гэтым я б асцерагаў ўкраінскага чытача ад залішняга захаплення. Так, згодны, беларуская ўлада ў пэўных выпрабаваннях вельмі рашучая. Але гэта не азначае павароту Лукашэнкі ў бок дэмакратыі. Для «сонцападобнага» на сёння адэпты «русского мира» больш небяспечныя, чым тыя, хто шануе нацыянальныя традыцыі Беларусі. Вялікую небяспеку знішчаюць. Пры гэтым у Лукашэнкі не задрыжыць рука сапраўды гэтак жа прайсціся і па «патрыятычным полі», як толькі ён убачыць контуры структуры, гатовай яго зрынуць.

«ИнфоРезист» (Украіна)