За блог — у турму

Ніжняя палата казахскага парламента ўсё ж прыняла папраўкі да закону аб СМІ. Адпаведна ім, дзённік у Жывым журнале будзе цяпер разглядацца як звычайны СМІ з усімі прававымі наступствамі для ягонага аўтара. Пра закон аб СМІ і свабоду інтэрнэт-выданняў у Казахстане журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.



48ab2f9b45957ab574cf005eb8a76760.jpg

Ніжняя палата казахскага парламента ўсё ж прыняла папраўкі да закону аб СМІ. Адпаведна ім, дзённік у Жывым журнале будзе цяпер разглядацца як звычайны СМІ з усімі прававымі наступствамі для ягонага аўтара. Пра закон аб СМІ і свабоду інтэрнэт-выданняў у Казахстане журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.
— Наколькі развітая ў Казахстане блогасфера, наколькі модна ўдзельнічаць у інтэрнэт-форумах? Ці ставяць сябе блогеры, як, напрыклад, у Беларусі, у апазіцыю рэжыму? Які прававы статус у незалежных СМІ ў інтэрнэце?
— З прававым статусам інтэрнэт-выданняў сітуацыя супярэчлівая. У нас няма зразумелых законаў, і таму некаторыя выданні, якія хацелі б мець правы СМІ, ідуць на рэгістрацыю. Іншыя працуюць так, як лічаць патрэбным. Аднак пры неабходнасці адсутнасць заканадаўства дазваляе іх лёгка штрафаваць або папросту блакаваць. Незадавальненне ўладай часцей праяўляюць інтэрнэт-выданні, а не самі блогеры. Сапраўднага палітычнага блогерства ў нас яшчэ няма. За выключэннем блога Рахата Аліева (былы зяць Назарбаева, які пасварыўся з цесцем і збег у Аўстрыю), ніводны іншы блог або чат не выклікае асаблівых праблемаў.
Што тычыцца блогаў і чатаў — усё гэта дастаткова папулярна, аднак трэба звярнуць увагу на тое, што доступ у інтэрнэт маюць максімум 10 працэнтаў жыхароў Казахстану. На ўрадавым узроўні нават спрабуюць зрабіць папулярным вядзенне блогаў (першым з палітыкаў блог завёў прэм’ер-міністр, а за ім па традыцыі пацягнуліся кіраўнікі гарвыканкамаў і губернатары. Праўда, калі блог кіраўніка ўраду рэгулярна абнаўляецца, і нават нехта адказвае на пытанні наведвальнікаў, то астатнія папросту абмяжоўваюцца стварэннем блога, а потым пра яго забываюць.
— Як даўно і якімі сродкамі ўлады краіны пачалі кантраляваць інтэрнэт?
— Кантроль вядзецца даўно. Ужо 10 гадоў прайшло пасля таго, як з’явіўся першы апазіцыйны сайт былога прэм’ера Акежана Кажэгельдзіна. Паколькі заканадаўствам кантроль за інтэрнэтам не даручаны канкрэтнаму дзяржаўнаму органу, інтэрнэтам займаецца шмат ведамстваў: Камітэт нацыянальнай бяспекі, Адміністрацыя прэзідэнта, пракуратура (у залежнасці ад таго, па чыіх інтарэсах б’е інфармацыя). Акрамя таго, 5–6 гадоў таму ў краіне з’явіўся Біллінг-цэнтр. Пра тое, чым ён канкрэтна займаецца, вядома няшмат, аднак у яго задачы таксама ўваходзіць сачыць за тэлефоннымі перамовамі і кантраляваць інтэрнэт.
Як непасрэдна кантралюецца сеціва — загадка. Аднак раней ужывалі блакіроўку на тэрыторыі Казахстану, выцісканне з зоны kz (цяпер усе даўно адсюль сышлі), адабранне ў выдання імя. Апошнім часам пракуратура ў першы раз нечакана папярэдзіла сайты пра тое, што не павінны з’яўляцца каментары, якія распальваюць міжнацыянальныя канфлікты. У выніку адзін сайт posit за такія каментары быў вымушаны па рашэнню пракуратуры часова прыпыніць працу. Пасля гэтага ўсе задумаліся і перагледзелі сваю палітыку размяшчэння каментараў.
— Якая сітуацыя са свабодай інтэрнэта ў іншых краінах Цэнтральнай Азіі?
— Цэнтральная Азія — вялікая, і ў кожнай краіне ёсць свае метады. У Туркменістане ўсяго дзесяць сайтаў на ўсю краіну. Інтэрнэт там даступны выключна некаторым юрыдычным асобам. Ва Узбекістане за прагляд апазіцыйнага сайта можна трапіць у турму. У іншых не ўсё так дрэнна, хаця Таджыкістан, Кіргізія і Казахстан усё роўна рухаюцца ў бок абмежавання інтэрнэту. Аднак Казахстан, здаецца, абышоў таджыкаў і кіргізаў, калі на заканадаўчым узроўні вырашыў кантраляваць блогасферу і чаты.
— Як самі ўлады тлумачаць гэты крок?
— Натуральна, клопатам пра інфармацыйную бяспеку, абаронай правоў грамадзян ад хуліганаў з сеці, роўнасцю правоў блогераў і журналістаў. Такім чынам, блогеры, як і журналісты, атрымліваюць некаторыя правы, аднак ці патрэбныя яны блогерам? Увогуле, ідэя абмежавання блогерства ўзнікла, як толькі Рахат Аліеў, якому надакучыла абараняць свой сайт ад атак хакераў, папросту завёў сабе блог у ЖЖ. Народ у прынцыпе разумее, адкуль ногі растуць у новага закона.
— Якім будзе механізм пошуку і пакарання парушальнікаў закону? І хто будзе праглядаць блогі і чаты?
— Цяжка сказаць. Спачатку планавалася, што такія функцыі возьме на сябе пракуратура. Аднак зараз дэпутаты вырашылі адмовіць пракуратуры ў правах зачыняць сайты. Думаю, што ўсё будзе працаваць па прынцыпу, які быў раней: у каго што баліць, той і будзе гэта праглядаць.
— Якая рэакцыя грамадства, апазіцыі і саміх блогераў?
— А якая можа быць рэакцыя на відавочнае трызненне? Спачатку не паверылі, аднак калі справа зайшла занадта далёка, позна было ўжо чыніць нейкі супраціў. Аднак паколькі народ у нас відавочна не жадае лезці на ражон, звязвацца з уладамі, то ўсе пратэсты звяліся да заяў, публікацый, лістоў на Захад, арганізацыі «круглых сталоў» і серыі флэшмобаў, якіх органы не далі правесці. Па вопыту можна казаць, што такія дзеянні не маюць вынікаў.
— Можа, блогеры ўжо прыдумалі якія-небудзь тэхнічныя спосабы для таго, каб далей весці свае дзённікі, захаваўшы пры гэтым ананімнасць?
— Мне здаецца, што блогерам увогуле мала цікава, што адбываецца вакол новага заканадаўства. Палітыкай у Казахстане займаецца вельмі абмежаванае кола людзей, прычым імі выкарыстоўваюцца для гэтага не чаты, а інтэрнэт-выданні.
— Закляты вораг Назарбаева Рахат Аліеў, каментуючы закон, піша на сваім блогу, што наступным крокам будзе поўная забарона інтэрнэта ў Казахстане. Наколькі гэта верагодна?
— Наўрад ці справа дойдзе да гэтага. Хутчэй за ўсё, улады ўсё пралічылі на два крокі наперад. Пэўныя праблемы прыносяць дзяржаве апазіцыйныя сайты, аднак іх не так шмат. Так што пры жаданні зачыніць або заблакаваць іх будзе не цяжка. А далей уступаюць у дзеянне новыя папраўкі, якія перасякуць спробы апазіцыі сысці ў блогасферу. І доступ у інтэрнэт пры гэтым можна не перакрываць.