Выбары ў Польшчы: падлік галасоў на мабільнік
Кіроўная ў Польшчы партыя “Грамадзянская платформа” хоча дазволіць запісваць на мабільны тэлефон працэс падліку галасоў.
Гэтае і іншыя новаўвядзенні прадугледжвае прэзідэнцкі праект паправак у выбарчае заканадаўства Польшчы.
Як паведамляе “Rzeczpospolita”, законапраект могуць ухваліць яшчэ да лета, але да парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца ўвосень, ён наўрад ці паспее ўвайсці ў жыццё. Канстытуцыйны суд краіны забараніў уводзіць новаўвядзенні ў выбарчы кодэкс за паўгода да выбараў.
Чальцы камісіі, згодна новым правілам, маглі б запісваць падлік галасоў на відэакамеру мабільнага тэлефону. Праўда, пашыраць яго ў сеціве забаранялася б. Відэматэрыял мог бы быць выкарыстаны толькі ў сувязі з выбарчай скаргай як рэчавы доказ.
Апазіцыя дамагаецца ўнесці папраўкі наконт устаноўкі відэакамер у выбарчых участках і празрыстых скрыняў для галасавання. А гэта выдаткі ў памеры 20 млн еўра і не адзін месяц чакання на правядзенне тэндэраў.