Вучоны савет пазбавіць Лукашэнку звання ганаровага доктара КНУ ім. Шаўчэнкі 7 чэрвеня
Рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта ім. Тараса Шаўчэнкі Уладзімір Бугроў заяўляе, што вучоны савет КНУ пазбавіць Аляксандра Лукашэнку, якога ЕС і ЗША не прызнаюць законна абраным прэзідэнтам Беларусі, звання ганаровага доктара ВНУ 7 чэрвеня.
«Я звярнуўся да вучонага савета, каб напрацаваць працэдуру (пазбаўлення ганаровых званняў. — ІФ), яе сапраўды сёння няма. Але ўжо тры камісіі вучонага савета выпрацавалі такую працэдуру. Там падставамі з'яўляецца парушэнне правоў чалавека, непавага да дзяржавы Украіна. 7 чэрвеня будзе пасяджэнне вучонага савета ўніверсітэта, на якім будзе два пытанні: зацвярджэнне працэдуры і пазбаўленне статусу ганаровага доктара Аляксандра Лукашэнкі», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі падчас Усеўкраінскага форуму «Украіна 30. Адукацыя і навука» ў панядзелак.
Бугроў адзначыў, што, ведаючы меркаванне большасці членаў вучонага савета, пытанне пазбаўлення звання Лукашэнкі будзе ўхвалена.
Дыплом ганаровага доктара Лукашэнку ўручыў 5 лістапада 2009 года рэктар Леанід Губерскі, а само званне яму было прысвоена 2 лістапада 2009 года.
interfax.com.ua