Вярхоўны суд Брытаніі забараніў ураду запускаць «брэксіт»

Ураду Брытаніі спатрэбіцца згода парламента, каб ініцыяваць выхад з Еўрасаюза, пастанавіў Вярхоўны суд.

Вярхоўны суд Англіі. Фота GETTY IMAGES

Вярхоўны суд Англіі. Фота GETTY IMAGES

Суд, такім чынам, падтрымаў лістападаўскае рашэнне Высокага суда Лондана, які пастанавіў, што ўраду для фармальнага запуску перамоваў з Брусэлем пра выхад з ЕС трэба ўхваленне парламента.

Акрамя таго, суд пастанавіў, што для выхаду з Еўрасаюза ўладам Вялікабрытаніі трэба правесці кансультацыі з прадстаўнікамі Шатландыі, Уэльса і Паўночнай Ірландыі.

Гаворка ідзе пра прывядзенне ў дзеянне артыкула 50 Лісабонскай дамовы, у якой гаворыцца пра выхад краіны з Еўрасаюза.

На слуханнях у Вярхоўным судзе не разглядалася пытанне, выходзіць Брытаніі з ЕС ці не. Усе бакі згодныя, што гэта пытанне было вырашана на рэферэндуме 23 чэрвеня 2016 года, калі амаль 52% грамадзян, што прыйшлі на ўчасткі, прагаласавалі за выхад.

Урад Тэрэзы Мэй настойвае, што міністры могуць ініцыяваць перамовы аб "брэксіце" ў адпаведнасці з каралеўскай прэрагатывай — паўнамоцтвы заключаць і разрываць дамовы. Юрысты ўрада таксама сцвярджаюць, што парламент прыняў заканадаўства аб рэферэндуме, усведамляючы, да чаго гэта можа прывесці, — і не запатрабаваў для сябе вырашальнага слова.

Суддзі Вярхоўнага суда. Пытанне пра "брэксіт" настолькі істотнае, што ўпершыню з моманту стварэння Вярхоўнага суда яго разглядалі ўсе 11 суддзяў. На здымку іх 12, але лорд Тулсан — крайні злева ў верхнім шэрагу — сышоў у адстаўку. Фота PA

Суддзі Вярхоўнага суда. Пытанне пра "брэксіт" настолькі істотнае, што ўпершыню з моманту стварэння Вярхоўнага суда яго разглядалі ўсе 11 суддзяў. На здымку іх 12, але лорд Тулсан — крайні злева ў верхнім шэрагу — сышоў у адстаўку. Фота PA

Раней група пазоўнікаў на чале з інвестыцыйным банкірам Джынай Мілер і цырульнікам Дэйрам Душ Сантушам звярнулася ў Высокі суд Лондана. Іх пазіцыя палягае ў тым, што міністры не маюць права змяняць канстытуцыйныя законы, створаныя на працягу чатырох дзесяцігоддзяў сяброўства ў ЕС, і таму запусціць працэдуру "брэксіта" павінен менавіта парламент.

Раней прэса паведамляла, што ўрад на выпадак пройгрышу рыхтаваў праект закона, якім парламент дасць кабінету Мэй паўнамоцтвы распачаць працэдуру выхаду.

Гэты закон, паводле задумы міністраў, можна будзе хутка правесці праз палату абшчын і палату лордаў, каб не зрываць вызначаны графік "брэксіта".

Прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй раней абвясціла, што мае намер афіцыйна паведаміць Еўрасаюзу пра выхад Брытаніі — і тым самым распачаць працэдуру па артыкуле 50 — да канца сакавіка 2017 года. Перамовы з ЕС павінны заняць прыкладна два гады.

Паводле ВВС