Вялікабрытанія. Эканамічныя ўнітазы
Статыстыка, як кажуць, ведае ўсё. У тым ліку такую незвычайную рэч, як колькасць часу, якую чалавек праводзіць седзячы на ўнітазе. Аказваецца, на працягу ўсяго жыцця гэта аж 416 сутак.
Пры гэтым хадзіць у прыбіральню людзям даводзіцца і падчас працы, што даўно турбуе частку бізнесоўцаў. У тым ліку брытанскіх, якія падлічылі: штогод праз паходы сваіх супрацоўнікаў у клазеты яны губляюць каля 4 мільярдаў фунтаў.
На першы погляд, з гэтым нічога зрабіць нельга, паколькі фізіялогія чалавека не падпарадкоўваецца бізнес-графіку. Аднак выйсце знайшлі. Брытанская асацыяцыя прыбіральняў (BTA) распрацавала новую мадэль стандартнай прыбіральні для офісаў.
Сутнасць вынаходніцтва ў тым, каб рабіць унітазы з нахілам 13 градусаў уніз. У выніку чалавек вымушаны напружваць мышцы ног, каб трывала сядзець на месцы. Гэта выклікае непрыемныя пачуцці, што прымушае паскорыць час знаходжання ў кабінцы.
Застаецца пачакаць, ці будзе карыстацца попытам прадукт BTA. Увогуле, каштуе эканамічны ўнітаз пакуль вельмі дорага — да 500 долараў.
Паводле брытанскай прэсы