Як Ірландыя дамагалася вяртання мовы
Магчыма, гэты дзень калісьці будзе адзначацца як свята перамогі ірландскай ідэнтычнасці. У Белфасце 10 студзеня юніяністы пагадзіліся на кааліцыю з рэспубліканцамі, якія дамагліся ад партнёраў згоды на закон аб ірландскай мове.
Знаёмы ірландзец любіў распавядаць трагікамічную гісторыю пра нейкага чалавека, які жыў у краіне «трэцяга свету» і марыў эміграваць у Ірландыю. Для гэтага ён прымусіў сябе вывучыць ірландскую мову (яе таксама прынята называць гэльскай). Аднак у Ірландыі таго хлопца чакаў шок — практычна ніхто тут не размаўляе на мове тытульнай нацыі. Байка мае глебу: паводле апошняга перапісу насельніцтва 2016 года, у гэтай амаль 5-мільённай краіне толькі 70 тысяч чалавек штодзённа карыстаюцца ірландскай.
Што ўжо казаць пра кантраляваную Лонданам больш за сто гадоў Паўночную Ірландыю, дзе словы «ірландзец» і «тэрарыст» доўгі час лічыліся сінонімамі. Паводле мясцовай сацыялогіі за 2011 год, ірландскую мову ўжывала толькі 0,2 працэнта насельніцтва (прыкладна 4 тысячы чалавек).
Самае парадаксальнае, што роўна сто гадоў таму моўная сітуацыя для гэльскай была не такая кепская — каля 20 працэнтаў насельніцтва карысталіся ёй штодня. Прычым, да носьбітаў мовы адносіліся таксама і шматлікія пратэстанты, якія імігравалі з Брытаніі. За кошт мовы яны падкрэслівалі сваю асобную ад англічан ідэнтычнасць.
Усё змяніла вайна за незалежнасць Ірландыі, якая моцна палітызавала моўнае пытанне. Ірландскія адукацыйныя ўстановы сталі разглядацца як курсы сепаратыстаў. У 1930-я гады былі нават забароненыя добраахвотныя субсідыі недзяржаўным моўным курсам, якія ірландцы спрабавалі ствараць прыватна або ў рамках кааператыўнага руху.
На час пачатку пратэстаў за правы каталікоў-ірландцаў у 1960-я гады, напэўна, адзіным адукацыйным моўным цэнтрам была… турма. Трапіўшы за краты і, адпаведна, маючы шмат вольнага часу, ірландцы штудзіравалі моўныя падручнікі. Прынамсі, «на зоне» вывучыў мову Джэры Адамс — адзін з лідараў левай нацыяналістычнай партыі «Шын Фейн», галоўны абаронца правоў ірландцаў-каталікоў. Дарэчы, хутка гэтым ведам знайшлося прымяненне ў жыцці: вязні камунікавалі на ірландскай мове, каб іх не разумела турэмная адміністрацыя.
Па той бок турэмнага муру, у каталіцкіх раёнах Белфасту мелі месца спробы стварыць нешта накшталт ірландскамоўных камунаў. Аднак на агульны лінгвістычны пейзаж гэта амаль не ўплывала. На пачатку 1980-х гадоў філолагі пачалі фіксаваць негатыўны трэнд, калі ў тым ці іншым графстве Паўночнай Ірландыі паміралі апошнія носьбіты гэльскай мовы…
Нешта пачало мяняцца толькі ў 1998 годзе, калі сепаратысты і Лондан падпісалі мірную дамову. Адзін з яе пунктаў прадугледжваў наданне гэльскай статусу афіцыйнай мовы. Хаця ўсё па выніках абмежавалася шыльдамі і плакатамі на гэльскай, гэта для сучаснікаў быў сапраўдны прарыў.
Але ўсё ж моўная рэвалюцыя адбылася пасля 2011-га, калі Вялікабрытанія падпісала Еўрапейскую хартыю рэгіянальных моваў. Яна патрабуе ад дзяржавы комплексу мерапрыемстваў падтрымкі моваў меншасцяў — адукацыя, пераклад заканадаўчых актаў, бюракратычная перапіска, выкарыстанне тапонімаў, доступ да СМІ, падтрымка культурнай дзейнасці і іншыя пытанні. Рэалізацыя патрабаванняў Хартыі кардынальна палепшыла стан ірландскай. У мінулым годзе сярэднюю адукацыю на ёй атрымалі 6 тысяч чалавек. З’явілася сваё радыё і кіно.
Гэта дало падставу марыць пра двухмоўную Паўночную Ірландыю. Для таго і спатрэбіўся Закон аб ірландскай мове, прыняцця якога доўгі час дамагалася «Шын Фейн». Паколькі, паводле мірнай дамовы 1998-га, урад рэгіёна павінен парытэтна складацца з прадстаўнікоў ірландцаў і пратэстантаў, Закон аб ірландскай мове мог быць прыняты толькі са згоды апошніх.
Доўгі час Дэмакратычная партыя юніяністаў (DUP), якая прадстаўляе камуну пратэстантаў, блакавала ідэю. І раптам 10 студзеня лідары DUP далі згоду. Асноўны пункт будучага закону — абавязаць усіх чыноўнікаў камунікаваць пры патрэбе па-ірландску, і на мясцовым дыялекце шатландскай мовы (ён таксама мае статус афіцыйнай мовы). Пры ўрадзе будзе створаны інстытуту камісара па абароне ірландскамоўных.
Ірландская камуна святкуе перамогу. Прадстаўнікі «Шын Фейн» кажуць пра гістарычны трыумф ірландскага духу, і пра тое, што край адкрывае для сябе новую рэальнасць. Аднак скепсісу таксама хапае. Дублінская Irish Times непакоіцца, што пад ціскам нізавога актыву DUP кіраўніцтва партыі з часам адмовіцца ад саступак па мове. Сапраўды, шмат юніяністаў ніжняга эшалону ўжо раскрытыкавалі запланаваную моўную рэформу. Бліжэйшы час пакажа, ці сапраўды Паўночная Ірландыя абрала двухмоўе.