Венецыянская камісія заклікае беларускія ўлады перагледзець пакаранні за масавыя мерапрыемствы

Венецыянская камісія — орган канстытуцыйных экспертаў Савета Еўропы — 22 сакавіка апублікавала справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі, паведамляе «Свабода». У шматстаронкавым дакуменце падаецца інфармацыя пра падзеі, якія адбываліся ў краіне з жніўня 2020 году, а таксама аналізуецца беларускае заканадаўства.

860c43b73c082612073b56a190a53e0e.jpg

Венецыянская камісія ў справаздачы выказала меркаванне аб сумяшчальнасці з еўрапейскімі стандартамі некаторых палажэнняў крымінальнага заканадаўства, якія выкарыстоўваюцца для прыцягнення да адказнасці мірных дэманстрантаў і чальцоў Каардынацыйнай рады. Меркаванне было падрыхтавана ў кантэксце масавых арыштаў падчас пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Камісія заклікае беларускія ўлады перагледзець пакаранні за масавыя мерапрыемствы. На думку экспертаў, вырашальную важнасць пры выбары пакарання павінна мець тое, ці былі вулічныя акцыі гвалтоўнымі.
«Мяркуючы па ўсім, дэманстранты не ўжывалі фізічнага гвалту і не заклікалі да такога ў дачыненні да арганізацый або асобных людзей. Пратэставы рух не можа сам па сабе быць падставай для крымінальнай справы», — заяўляюць у камісіі.
Венецыянская камісія адзначае і тое, што магчымасць крытыкі ўлады і выказвання сваіх ідэй і поглядаў павінна быць забяспечаная, калі яна не набывае гвалтоўных форм.
«Мірныя дэманстрацыі ў прынцыпе не павінны падвяргацца пагрозе суровага пакарання — такога, як турэмнае зняволенне або вялікія штрафы. Гэтыя меркаванні адносяцца да артыкулуа 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае сур’ёзныя адміністрацыйныя штрафы і затрыманне / пазбаўленне волі», — адзначаецца ў дакладзе.
Тут важна адзначыць, што ў рэдакцыі Адміністрацыйнага кодэкса ад 1 сакавіка артыкул аб удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах памяняў нумар. Цяпер гэта 24.23.
Венецыянская камісія рэкамэндавала афіцыйнаму Мінску ўдакладніць некалькі дзейных артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У тым ліку арт. 293, арт. 341, арт. 342 і арт. 363, таму што яны маюць занадта шырокую прастору для трактовак. Зноў жа, на думку камісіі, тут важна ўдакладняць, што пакаранне прадугледжанае толькі за гвалт.
Артыкулы КК за «абразу прэзідэнта» і «апаганьванне дзяржаўных сімвалаў» у Венецыянскай камісіі таксама лічаць праблемнымі, бо яны могуць быць ужытыя з мэтай пераследу мірных пратэстоўцаў і таксама дапускаюць шырокія трактоўкі.
У дакладзе адзначаецца, што, з улікам занадта складанай працэдуры атрымання санкцыі на правядзенне масавых мерапрыемстваў, улады павінны «змірыцца» з мірнымі пратэстамі, калі яны нават праводзяцца без узгаднення.