Узбекістан. Забаронены песні, якія не праслаўляюць радзіму

Міністэрства па справах культуры і спорту Узбекістана вырашала разабрацца з мясцовай папсой. На сваім вэб-сайце яно абвясціла пра забарону «бессэнсоўных песняў, якія не здольныя праславіць радзіму».



gulnara_karimova5.jpg

Гугуша

Такія песні, на думку чыноўнікаў, спяваюць некаторыя салісты і поп-гурты, якіх у якасці пакарання пазбавілі ліцэнзій на канцэртную дзейнасць. «Іх песні не адпавядаюць культурнай традыцыі нашай краіны, яны супярэчаць нашай маральнай спадчыне і менталітэту. Мы не павінны забываць пра наш абавязак хваліць радзіму, наш народ і яго шчасце», — гаворыцца на вэб-сайце міністэрства. Яшчэ сямі выканаўцам было абвешчана «суровае папярэджанне» з усталяваннем тэрміну да 1 ліпеня на ліквідацыю «недахопаў у творчасці».

Між тым, на думку назіральнікаў, не зразумела, чаму ў пастанове ні слова не гаворыцца пра музычную творчасць узбекскай поп-зоркі Гугушы. Гугуша — гэта сцэнічны псеўданім Гюльнары Карымавай, дачкі аўтарытарнага прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. У сваім апошнім кліпе «How Dare» («Як ты можаш») Гугуша робіць недвухсэнсоўныя рухі перад аголеным мужчынам. Аматары гумару пішуць, што гэтымі рухамі Гугуша яўна праяўляе любоў да Радзімы.

Паводле ўзбекскай прэсы