Украінец, які працаваў на беларушчыну
Украінскія выданні, якія пісалі і пішуць сёння пра свайго знакамітага кампазітара і патрыёта Міхайлу Гайваронскага (1892–1949), заўсёды згадваюць 1938 год. Менавіта тады кампазітар апрацаваў беларускія народныя песні.
Сапраўды, вялікі ўкраінскі кампазітар, музыкант, дырыжор, педагог, скрыпач, грамадскі дзеяч, капельмайстар арміі Украінскай Народнай Рэспублікі Міхайла Гайваронскі ў канцы 1930-х гадоў шмат працаваў для музычнай Беларусі. Асабліва плённым на беларускія песні быў менавіта 1938 год. Жыў тады кампазітар у Нью-Ёрку. Але яго там знайшоў Рыгор Шырма і напісаў яму ліст. Беларус і ўкраінец сталі ліставацца. Так пачалося іх сяброўства.
Сам Міхайла Гайваронскі быў родам з Цярнопальшчыны. Маці ведала шмат народных песень, а бацька добра іграў на скрыпцы. У іх і вучыўся будучы кампазітар музыцы і спевам.
Пасля заканчэння народнай школы, паступіў у настаўніцкую семінарыю. Там наведваў аркестр семінарыі, спрабаваў пісаць музыку.
Пасля заканчэння семінарыі Міхайла Гайваронскі пачаў працаваць настаўнікам недалёка ад Львова.
У 1914 годзе Міхайла Гайваронскі ўступае ў шэрагі Украінскіх Сечавых Стральцоў. Там арганізуе духавы аркестр, а потым становіцца капельмайстрам войск Украінскай Народнай Рэспублікі. Піша стралецкія песні і маршы.
У 1923 годзе Міхайла Гайваронскі пакідае Радзіму і эмігрыруе ў ЗША. У Нью-Ёрку ён арганізуе хор і аркестр, а таксама паглыбляе свае музычныя веды ў Калумбійскім універсітэце.
Хор у Нью-Ёрку. Дырыгент — Мiхайла Гайваронскi (у трэцiм радзе ў цэнтры)
Найбольш вядомымі творамі ўкраінскага кампазітара з’яўляюцца яго сімфанічная паэма «Над Чорным морам», «Гераічная паэма», «Гуцульская рапсодыя», рапсодыі «Доўбуш», «Родная старонка мая», маршы, уверцюры, струнны квартэт «Маразенко», трыа «Каламійка», зборнік п’ес для струннага аркестра, ён з’яўляецца аўтарам багатых інструментальных твораў камернага характару, напісаў шэраг песень на словы Тараса Шаўчэнкі: «Запавед», «Вучыцеся, браты мае», «Садок вішнёвы» і многія-многія іншыя.
Міхайла Гайваронскі пражыў усяго 57 гадоў. Ён памёр 11 верасня 1949 года ў Нью-Ёрку, дзе і пахаваны.
Выстава на радзiме М. Гайваронскага да яго 120-годдзя
А цяпер вернемся ў 1938 год. Часопіс «Беларускі летапіс» за кастрычнік-снежань 1938 года пісаў: «Кампазітар М. Гайваронскі скампанаваў на мяшаны хор дзве беларускія песні да слоў Максіма Танка: «Спакойна дрэмле Нарач» і «Прайдуць гады». Гэтыя кампазіцыі запачаткавалі новы кірунак у беларускай харавой літаратуры — кірунак свабоднай творчасці, — распачалася такая патрэбная праца музычнага ілюстравання нашай паэзіі. Вялікая падзяка і чэсць слаўнаму кампазітару!».
Паэзію Максіма Танка вельмі ўпадабаў Міхайла Гайваронскі. 10 снежня 1938 года ў Вільні выступаў хор пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. Менавіта хор і выканаў упершыню кампазіцыю Гайваронскага на словы Максіма Танка. А часопіс «Калоссе» ў 1939 года адзначаў, што кампазіцыя Гайваронскага на словы Максіма Танка захоплівае свежасцю і сілай малюнка. Але дзеля гэтага трэба добра ўчытацца ў тэкст літаратурнага твора, а таксама адначасова ўслухацца ў яго вольную ілюстрацыю, каб цалкам ацаніць сінтэтычную мастацка-жывапісную яркасць, дакладнасць і гармонію ўсяго паэтычна-музычнага твора. Але апрача вонкавай, так бы мовіць, красы, вобраз Нарачы мае, як і сам верш Максіма Танка, характэрны ўнутраны сімвалізм, які надзвычай выразна выяўляе і падкрэслівае музыка Міхайлы Гайваронскага. Той самы часопіс «Калоссе» (1939, №1) пісаў, што «асабліва трэба адзначыць і музыку Гайваронскага на сільны верш Танка «Прайдуць гады», як адзіны вынятак з усёй чыста народнай праграмы».
Пісаў музыку ўкраінскі кампазітар і да вершаў Якуба Коласа і Паўлюка Труса. Кожны з твораў гэтых паэтаў быў прадуманы, і музыка кампазітара была цесна сплецена з тэкстамі. Пачуцці паэтаў кампазітар адбіваў і дапаўняў гармоніяй свае музыкі.
Летам 1938 года з Нью-Ёрку Міхайла Гайваронскі дасылае Рыгору Шырму сем апрацаваных для хору беларускіх народных песняў. Сярод іх — «Гэй, паехаў сын Даніла», «О-ю-ля-лю», «Замуж пайсці, трэба знаць». А восенню 1938 года Рыгор Шырма зноў атрымаў ад Гайваронскага пяць новых беларускіх народных песняў: «Лявоніха», «Ой, гукнула сыраежка» (жніўная), «Ой, у полі дзве птушачкі» (рэкруцкая), «Як пайшоў Мікола» (валачобная), «Ой, ляцелі, ды два галубочкі» (валачобная). Часопіс «Беларускі летапіс» (1938, №3, верасень) паведаміў, што «стыль і мастацкі характар апрацоўкі гэтых песняў як найболей адпавядаюць духу нашай народнай творчасці». «Беларускі летапіс» нават надрукаваў ноты Міхайлы Гайваронскага да народных песень «О-ю-ля-лю» і «Гэй, паехаў сын Даніла».
Рыгор Шырма і заходнебеларускія выданні ў 1930-х гадах шмат пісалі пра тых, хто дапамагаў беларускай музычнай творчасці. Музычныя апрацоўкі народных беларускіх песень Міхайлам Гайваронскім ацэньваліся як яркая гармонія, такая чыстая і спеўная, прадыктаваная народным кантрапунктам, якая ідзе побач з яснай народнай мелодыяй. Пры гэтым яны ніколі не зніжаюць песні да простага, чужога для мастацтва этнаграфізму, але разам з тым і этнаграфічных рысаў песні не мяняюць на штучныя эфекты і прыкрасы. Слухаючы беларускія песні ў апрацоўцы Гайваронскага, нават не ведаючы тэксту, мы даведаемся, што гэта звіняць валачобнікі або пяюць каляднікі. Ад кожнай беларускай песні Гайваронскага вее подыхам свежага паветра нашых лясоў і палеткаў, чуецца пах сенажацяў, абмытых рачнымі хвалямі. Беларуская вёска, стагоддзямі абскубаная, гамоніць у тых гуках нечуванаю дагэтуль моваю — моваю свайго чулага і вялікага сэрца. І гэта ўсё, дзякуючы музыцы вялікага ўкраінскага кампазітара Міхайлы Гайваронскага, які пакінуў нашчадкам у спадчыну шмат цудоўных твораў, што ўвайшлі ў залаты фонд не толькі ўкраінскай, але таксама і нашай беларускай музычнай культуры.