Пратэстоўцы з Урадзіеўкі сабраліся ісці маршам на Кіеў

Да 18 ліпеня пратэстоўцы з Урадзіеўкі збіраюцца дайсці да Кіева, дзе пачнуць бестэрміновую акцыю з патрабаваннем адстаўкі кіраўніка МУС і пераатэстацыі супрацоўнікаў міліцыі



hietj.jpg

У нядзелю, 7 ліпеня, з пасёлка Урадзіеўка (Мікалаеўская вобласць) у Кіеў пешшу адправіцца частка пратэстуючых з патрабаваннямі звальнення міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанка і пераатэстацыі грамадскімі камісіямі ўсіх супрацоўнікаў міліцыі.
 

Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку каардынатар грамадзянскага руху «Спільна справа» Аляксандр Данілюк.
 

«Шэсце пачынаецца ў пасёлку Урадзіеўка 7 ліпеня ў 10:00 з кароткага мітынгу насупраць будынка аддзела ўнутраных спраў. Маршрут шэсця: Першамайск (8 ліпеня), Галаванеўск (10 ліпеня), Умань (11 ліпеня), Дашаў (12 ліпеня), Жашкаў (13 ліпеня), Белая Царква (15 ліпеня), Фастаў (16 ліпеня), Васількоў (17 ліпеня), Кіеў-Майдан (з 18 ліпеня — бестэрмінова)», — адзначыў актывіст.
 

Нагадаем, 26 чэрвеня ў пасёлку Урадзіеўка двое міліцыянтаў і кіроўца таксі зацягнулі ў аўтамабіль 29-гадовую жанчыну Ірыну Крашкову, вывезлі яе ў лесапаласу каля вёскі Сырава, збілі і згвалцілі. Яна знаходзіцца ў лякарні са шматлікімі пераломамі чэрапа, ударамі, ірванымі ранамі. Пацярпелая сцвярджае, што яе згвалтавалі двое афіцэраў міліцыі —  Дзмітрый Палішчук і Яўген Дрыжак. У збіцці, па яе словах, удзельнічаў таксіст Сяргей Рабіненка. Суд пастанавіў арыштаваць усіх траіх абвінавачаных.
 

Пазней Цэнтральны раённы суд Мікалаева прыняў рашэнне аб заключэнні маёра міліцыі Міхаіла Кудрынскага пад варту на 60 дзён. Намеснік начальніка крымінальнай міліцыі Урадзіеўскага РАУС Кудрынскій падазраецца ў тым, што ён прыняў рашэнне схаваць ўдзел Дрыжака ў інцыдэнце і дапамагчы яму пазбавіцца ад слядоў.

Украінскія ўлады баяцца, што бунт супраць міліцыі ў невялікім пасёлку на поўдні краіны можа перарасці ў нацыянальнае паўстанне. Акцыі пратэсту супраць міліцэйскага і судовага самавольства на гэтым тыдні прайшлі ў многіх гарадах. Мітынгавалі ў Кіеве, у Львове, у Івана-Франкоўску, Луганску, Харкаве і Данецку.

Баючыся распаўсюджвання бунтаў на ўсю краіну, на ўрадзіеўскія падзеі на чацвёрты дзень пратэстаў адрэагаваў і кіраўнік дзяржавы. Віктар Януковіч ўзяў пад свой ​​кантроль справу аб гвалтаўніках у пагонах і заклікаў падначаленых паказальна пакараць вінаватых. Са сваіх пасадаў пакуль звольненыя толькі раённыя і абласныя кіраўнікі пракуратуры і міліцэйскага ведамства.

Януковіч, як аднадушна адзначаюць украінскія эксперты, баіцца народнага гневу і робіць стаўку на сілавыя метады. Апаненты ўлады заклікаюць прэзідэнта адправіць у адстаўку не толькі мікалаеўскага губернатара, але міністра ўнутраных спраў Захарчанка. Аднак малаверагодна, што гэтыя патрабаванні будуць выкананы. Каардынатар грамадзянскага руху «Спільна справа» Аляксандр Данілюк упэўнены, што адказнасць за тое, што адбылося ў Урадзіеўцы нясе і асабіста Віктар Януковіч:

«За апошнія тры гады ў нас істотна ўзрасла колькасць злачынстваў, у тым ліку і здейсненых прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Урад і прэзідэнт — гэта тыя ж беспрадзельшчыкі, якія выкарыстоўваюць міліцыю толькі для таго, каб абараняцца ад такіх вось незадаволеных людзей. І яны заплюшчваюць вочы на ​​тое, што гэтыя "ланцуговыя сабакі" не выконваюць сваіх прамых функцый, а рабуюць, здзекуюцца і гвалцяць».
 

Урад Украіны працягвае павялічваць фінансаванне сілавых структур у процівагу памяншэння фінансавання арміі. Як лічыць лідэр партыі «Грамадзянская пазіцыя» Анатоль Грыцэнка, гэта сведчыць аб тым, што Януковіч бачыць пагрозу Украіне не звонку, а ўнутры краіны.

Паводле ўкраінскіх СМІ