Змаганне за клімат: усе баяцца Грэты
Грэта Тунберг, 16-гадовая дзяўчына, менш чым за год стала бясспрэчным лідарам сусветнага руху за выратаванне клімату. Аднак ніхто не ведае, куды тынейджар можа накіраваць мільённую армію сваіх фанатаў.
У Нью-Ёрк 28 жніўня прыбыла яхта «Malizia II». Навіна стала адной з самых топавых праз тое, што на борце карабля знаходзілася Грэта Тунберг. Увесь свет ведае яе як ініцыятарку сусветнага моладзевага руху за выратаванне клімату, які пачаўся з яе асабістага пікету ля шведскага парламента ў жніўні 2018-га. Хутка ў Тунберг знайшліся мільёны паслядоўнікаў па ўсім свеце, а сама дзяўчынка стала мегазоркай.
Ужо ўвесну 2019 года Тунберг з’явілася на вокладцы часопіса «Time», рэдакцыя якога назвала яе «лідаркай наступнага пакалення». Яна стала прапісалася ў спісе ста найбольш уплывовых людзей планеты. Сярод тых, хто меў з маладой шведкай рандэву, — Барак Абама і Папа Рымскі, якога пасля сустрэчы яна назвала «прыкольны». Хапае спекуляцый наконт таго, што Тунберг без пяці хвілін лаўрэат Нобеля. На гэтую ўзнагароду яе высунулі шведскі і нарвежскі парламенты.
Згаданы візіт дзяўчыны ў Злучаныя Штаты выклікаў ажыятаж не толькі праз яе знакамітасць. Скандальны прысмак ваяжу Тунберг надавала медыя-істэрыка, што пачалася напярэдадні. Усё таму, што Грэта прынцыпова абрала 15-дзённы марскі круіз замест пералёту, які займае звычайна некалькі гадзінаў. Пры гэтым яна заклікала сваіх адэптаў таксама падарожнічаць за акіян караблямі, а не авіялайнерамі. Шмат хто з каментатараў пабачыў у гэтым праяву яўнага радыкалізму.
Адсюль лагічна паўстала пытанне: «Ху із Грэта Цінцін Элеанора Эрнман Тунберг?» (поўнае імя дзяўчынкі, якая нарадзілася ў 2003 годзе ў сям’і артыстаў). Дарэчы, ад маці Малены яна, напэўна, узяла грамадзянскую непрымірымасць. Па словах Грэты, яе вельмі натхніў удзел маці ў акцыі ў абарону правоў ЛГБТ у Маскве ў 2009 годзе, які скончыўся арыштам.
Што да яе палітычных поглядаў, то, сапраўды, Тунберг характэрныя радыкальныя забабоны. На яе думку, крызіс, выкліканы глабальным пацяпленнем, настолькі сур’ёзны для чалавецтва, што яго можна лічыць экзістэнцыяльным. Яна лічыць, што маладой генерацыі ў такой сітуацыі няма чаго губляць. Выступаючы ў парламенце Вялікабрытаніі, яна так і сказала: «Вы (дарослыя) нам хлусілі. Вы далі нам ілжывую надзею. Вы сказалі нам, што ў нас будзе будучыня». Грэта таксама лічыць, што часу думаць і разважаць не засталося — трэба нешта рабіць.
«The New York Times» убачыў у гэтых словах відавочны «канфлікт з дэмакратыяй». Адзін з калумністаў выдання, каментуючы погляды дзяўчынкі, падкрэсліваў, што яе план выратавання клімату можа мець кепскія наступствы праз адсутнасць у маладых абаронцаў жыццёвага вопыту, уласцівых ім утапічных поглядаў, неразумення патрэбы балансу інтарэсаў усіх фракцый грамадства і гэтак далей.
Калі публікацыя ў «The New York Times» мела, хутчэй, палемічны характар, то цяпер у прэсе на Тунберг пачалася ўжо адкрытая атака. У яе сямейным фотаальбоме выявілі прысутнасць на выявах пластыкавага посуду, што кваліфікуюць як здраду ідэалам экалогіі. Адзін з брытанскіх еўраскептыкаў пабачыў у вачах дзяўчыны «прыкметы апакаліпсісу». Крытыкі расшукалі, што ў дзяцінстве Грэту падазравалі ў аўтызме праз яе слабую камунікабельнасць з аднагодкамі. Гэта дазволіла канадскаму кансерватару Максіму Берньеру назваць усіх удзельнікаў кліматычных акцый «ментальна хворымі».
Далей за ўсіх пайшоў брытанскі таблоід «The Sun», які лічыць, што школьніца з’яўляецца марыянеткай цёмных сілаў. Гэтыя цёмныя сілы — маці дзяўчыны, якая пасля заканчэння кар’еры шукае славы, і нейкія ананімныя карпарацыі, што інвестуюць у праект пад умоўнай назвай «Грэта». Заява вельмі правакацыйная, аднак сапраўды незразумела, як пікет нікому не вядомай школьніцы атрымаў такі моцны піяр.
У дзяўчыны хапае таксама і саюзнікаў. «Чаму Грэта Тунберг так правакуе? Усё проста. У эпоху, калі дэмакратыя знаходзіцца пад пагрозай, яна намякае на неабходнасць новага тыпу ўлады, які ўключае новую ролю моладзі, народны пратэст і аўтарытэт навукі. І для яе самых гучных крытыкаў гэта ўяўляе пагрозу маральнага зносу», — мяркуе «Irish Times».
Цяперашнюю медыябойку Тунберг таксама можна разглядаць як фрагмент больш шырокай дыскусіі ўнутры заходняй эліты наконт рэцэпту вырашэння пытання клімату. Шведская школьніца, відавочна, выступае раздражняльнікам для тых, хто не верыць у сур’ёзнасць кліматычнай пагрозы і гатовы абмежавацца забаронай нейкіх антыэкалагічных прадуктаў. Іншая фракцыя эліты дапускае кардынальны перагляд спажывецкай формулы на Захадзе. Можна ўзгадваць нядаўнюю заяву прынца Гары, які заклікаў бацькоў дзеля выратавання клімату не нараджаць больш за адно дзіця.
Зрэшты, Тунберг і яе сябры таксама не будуць статыстамі. Нямецкая прэса са спасылкай на свае крыніцы піша, што ўжо гэтай восенню пратэсты школьнікаў за клімат могуць набыць больш экстрэмісцкі фармат. Аж да акупацыі і паралічу працы профільных біржаў і офісаў вядучых сусветных нафтавых і вугальных кампаній.