Чарговы інвазіўны наступ — амброзія палыналістая
У Беларусі больш 6.000 гектараў зямлі захоплена інвазіўнымі раслінамі — баршчэўнікам Сасноўскага і залатарнікам канадскім.
Інвазіўны від — гэта значыць, што ён не ўласна беларускі. Зараз у Беларусі прынятая комплексная праграма па ліквідацыі агрэсіўных чужых відаў і вяртанні зямель у гаспадарчы абарот.
Паводле навукоўца Алега Маслоўскага з Нацыянальнай акадэміі навук, барацьба складаецца з уліку, хімічнага ўздзеяння, скошвання і кантролю ў наступныя сезоны.
— Кожная расліна залатарніка прыносіць да 15 тысяч насенняў. Адна мяцёлка — гэта ужо 45. Адна расліна баршчэўніка — 30–40 тысяч насення. Рэкорд — 118 тысяч на адну расліну. Калі не рабіць гэтую працу, дык сітуацыя будзе назірацца як у некаторых рэгіёнах Расеі. 50% Ленінградскай вобласці афіцыйна занята баршчэўнікам.
Алег Маслоўскі распавёў пра новыя віды, якія могуць пры спрыяльных для іх умовах стаць яшчэ большай бядой, чым баршчавік і залатарнік.
— Усяго ў нашай краіне 402 інвазійныя віды. Апошнія гады змяняецца клімат. Больш паўднёвыя цёплалюбівыя віды прасоўваюцца на поўнач і захопліваюць тут тэрыторыі. Цяпер новая праблема — амброзія палыналістая, якая раней была ў адзінкавых экземплярах, за апошнія два гады адбылася ўспышка яе пашырэння. Гэта больш сур’ёзна за баршчавік і залатарнік разам узятых. Згодна Мінздрава суседняй Украіны, дзе гэта ўжо цэлае бедства, да 98% дзяцей будуць пакутаваць алергіяй.
У чым небяспека інвазіўных раслін? Яны не маюць канкурэнтаў, мяняюць структуру глебы — той жа залатарнік не ядуць каровы і коні, выціскаюць нашыя віды раслін, вельмі часта з’яўляюцца моцнымі алергенамі.