Украіна «паставіла на паўзу» падрыхтоўку беларуска-украінскага форуму

Украінскія ўлады «паставілі на паўзу» кантакты з беларускім бокам да высвятлення сітуацыі. Пра гэта кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба заявіў у інтэрв’ю інфармагенцтву «Украінскія нацыянальныя навіны».

exprz4qfikozmryv_compressed.jpg


Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства лічыць, што Украіна не прыпыніла адносіны з Беларуссю, а паставіла іх на паўзу.

«Мы не прыпынілі адносіны, мы паставілі кантакты на паўзу. Тут ёсць пэўная розніца. Безумоўна, мы павінны зыходзіць з рэчаіснасці. Ніхто не плануе з Беларуссю будаваць жалезную сцяну, ўяўную ці рэальную, для таго каб ад яе адгарадзіцца. Проста тыя дзеянні, да якіх звярталіся беларускія ўлады для падаўлення пратэстаў — парушэнне правоў чалавека, збіццё людзей і катаванні, — яны недапушчальныя, не рэагаваць на гэтыя рэчы немагчыма» — у чарговы раз патлумачыў пазіцыю Украіны Дзмітрый Кулеба.

Адносіны паміж краінамі застануцца «на паўзе» да таго моманту, пакуль украінскі бок не зможа комплексна ацаніць новую рэальнасць. Пры гэтым кантакты на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў застануцца, таму што паміж краінамі ёсць «неадкладныя пытанні, якія патрабуюць вырашэння».

«На паўзу» пастаўлена і падрыхтоўка Трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які павінен быў прайсці ў Гродна ў кастрычніку і ўдзел у якім планаваў Уладзімір Зяленскі.

«Беларусь ніколі не ўяўляла для нас пагрозы. Мы ніколі не ўяўлялі пагрозы для Беларусі. Таму ў нас склаліся сяброўскія, вельмі глыбокія адносіны на ўсіх узроўнях. Таму мы ні ад чаго не адмаўляемся. Але ўсё ставім на паўзу да таго моманту, пакуль не ўбачым тую новую рэальнасць, з якой нам давядзецца мець справу ў Беларусі», — рэзюмаваў Кулеба.

Паводле REFORM.by