Украіна гатовая перахапіць транзіт з Еўропы ў Кітай

У сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі транзіт грузаў па напрамку Кітай — Еўрасаюз можа пераарыентавацца на Украіну. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар, выступаючы 7 ліпеня на сесіі па транспарце, інфраструктуры і лагістыцы ў межах форуму «Украіна 30: міжнародная палітыка».

248993881_1.jpg


Намеснік міністра замежных спраў нагадаў пра праграму міжнароднага супрацоўніцтва паміж ЕС і краінамі-партнёрамі па арганізацыі транспартнага калідора Еўропа — Каўказ — Азія (ТРАСЕКА), перадае Радыё Рацыя.

«Гэта праект, па якім мы працуем і з Еўрапейскім саюзам, і з краінамі Паўднёвага Каўказа, і гэта напрамак на Кітай. Гэта рэальная альтэрнатыва, дастаткова канкурэнтная», — сказаў Боднар.

Нагадаем, раней Лукашэнка ў ходзе нарады аб супрацьдзеянні санкцый Захаду даў даручэнне абмежаваць транзіт з краін ЕС у Кітай і Расію праз Беларусь. «Мы ведаем, хто ў ЗША, Германіі і іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектуючых і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсць вопыт. Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: праз Беларусь — таксама ні кроку. Сапраўды так трэба паступіць і з немцамі. Хай праз Фінляндыю ў Кітай і Расію пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды», — сказаў ён.