У Польшчы хутка паведамяць аб прычынах Смаленскай катастрофы

У Польшчы анансавалі публікацыю рапарту, у якім будзе пазначана прычына крушэння самалёта.

Абломкі прэзідэнцкага самалёту, 2011 год. Włodzimierz Pac/Polskie Radio

Абломкі прэзідэнцкага самалёту, 2011 год. Włodzimierz Pac/Polskie Radio


У Польшчы хутка апублікуюць тэхнічны рапарт, у якім будзе пазначана прычына крушэння самалёта з польскімі палітыкамі пад Смаленскам. Пра гэта паведаміў міністр нацыянальнай абароны Польшчы, кіраўнік падкамітэту па расследаванні трагедыі Антоній Мацэрэвіч, перадае Польскае радыё.
Ён адзначыў, што папярэднія камітэты па расследаванні ставілі перад сабой шмат задач і пытанняў у абыход галоўнага: што стала прычынай крушэння самалёта. Мацэрэвіч паведаміў, што хутка будзе апублікаваны тэхнічны рапарт з адказам на гэтае пытанне.
"Мы не выключаем, што з'явяцца доказы, якія паглыбяць і ўдакладняць тэхнічныя пытанні, раней недаследаваныя. Але галоўная прычына — апісана вычарпальна і пераканаўча", — распавёў ён. Гэты рапарт быў падпісаны ўсімі членамі камітэта, удакладніў польскі палітык.
10 красавіка 2010 года пад Смаленскам разбіўся прэзідэнцкі Ту-154 з прэзідэнтам Лехам Качыньскім на борце. Загінулі 96 чалавек.
16 лютага гэтага года Расія заявіла, што не верне палякам абломкі самалёта, чым у чарговы раз паспрабавала перашкодзіць правядзенню поўнага расследавання.