У Маскве дазволілі «маўклівы пратэст» без выяўлення «асаблівых пачуццяў»
Маскоўскія ўлады фактычна дазволілі правесці прыхільнікам апазіцыянера Аляксея Навальнага акцыю 12 чэрвеня на Цвярской вуліцы Масквы. Аднак Навальнага затрымалі.
Як заявіў радыё «Эхо Москвы» кіраўнік дэпартаменту
рэгіянальнай бяспекі Уладзімір Чэрнікаў, паліцыя не будзе затрымліваць людзей,
якія «шпацыруюць» па вуліцы без плакатаў і выкрыквання лозунгаў.
«Калі чалавек прыйдзе з плакатам палітычнага зместу або будзе выкрыкваць лозунгі, ён 100% патэнцыйны „кліент“ паліцыянтаў, — удакладніў Чэрнікаў. — Калі грамадзяне спакойна шпацыруюць і праяўляюць пачуццё салідарнасці з бальшынёй людзей, якія прыйдуць адзначаць Дзень Расіі, усё будзе спакойна і добра. Калі яны будуць праяўляць „асаблівыя“ пачуцці, паліцыя можа іх заўважыць».
На 13:00 паведамляецца аб затрыманні 40 чалавек, акцыя Навальнага мае пачацца а 14-й. Затрыманы і сам Аляксей Навальны.
На Цвярской у Маскве, а таксама ў шэрагу гарадоў Расеі планаваліся ўрачыстасці на Дзень Расіі — гадавіну прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР 12 чэрвеня 1991 году. Ад 1991 году гэты дзень выходны, ад 1992-га — дзяржаўнае свята.
Але на той жа час, што ўрачыстасці, свае акцыі запланаваў палітык Аляксей Навальны: ягоная акцыя прысвечаная барацьбе з карупцыяй і патрабаванням тлумачэнняў фактаў пра прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева, выкладзеных у фільме «Ён вам не Дзімон».
Маскоўскія ўлады ўзгаднілі акцыю Навальнага на праспекце Сахарава (што ў 2 км ад Чырвонай плошчы, Цвярская ж — у 500 м), ды Навальны заявіў, што не змог ні з кім дамовіцца пра ўсталяванне сцэны, таму перанёс акцыю на Цвярскую. Шэраг антыкарупцыйных акцыяў адбываецца ў іншых гарадах Расіі.