У Літве стварылі вайсковую базу каля беларускай мяжы, каб супрацьстаяць плыні мігрантаў

Узброеныя сілы Літвы стварылі перадавую аперацыйную базу ў Друскеніках, што ў 6 км ад мяжы з Гродзенскім раёнам Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

0bd80000_0aff_0242_eb07_08d9abf988f0_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg


Яна патрэбная для таго, каб хутчэй прыходзіць на дапамогу памежнікам. У Літву з Беларусі штодня спрабуюць трапіць дзясяткі мігрантаў.
Базу аператыўнага рэагавання арганізавалі на тэрыторыі прамзоны ў Друскеніках. Там паставілі цёплыя намёты, зрабілі сталовую, санітарную зону, правялі электрычнасць і размясцілі вайсковую тэхніку. На базе жывуць і трэніруюцца салдаты.
У Літве дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча ў 5-кіламетровай зоне да мяжы. Ён выкліканы патокам мігрантаў, якія з лета масава спрабуюць трапіць у Літву па-за пунктамі пропуску.
Сёлета ў Літву трапілі больш за 4 тысячы мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Больш як 7 тысячам мігрантаў літоўскія памежнікі не далі трапіць у краіну. Літва і краіны Захаду лічаць, што арганізаваным наплывам мігрантаў Лукашэнка помсціць за ўжо ўведзеныя санкцыі, звязаныя з расправай з апазіцыяй, і называе гэта гібрыднай атакай рэжыму.