У Кіеве сцвярджаюць, што сярод затрыманых летась у Мінску «вагнераўцаў» быў агент беларускіх спецслужбаў
У часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны, якая расследавала сітуацыю з затрыманнем «вагнераўцаў» у Мінску і перадачай іх Расіі, заявілі, што спецслужбы Украіны сапраўды спрабавалі выцягнуць «вагнераўцаў» ва Украіну, але рэалізацыю змянілі на пэўным этапе спецслужбы Расіі і Беларусі, піша «Радыё Свабода».
«Спецыяльнай аперацыі (украінскіх спецслужбаў) не было. Было спецыяльнае мерапрыемства, якое планавалася ў ліпені 2020 года. Прымусовая пасадка самалёта ва Украіне не планавалася», — паведаміла кіраўніца камісіі Мар’яна Бязугла.
Паводле яе, першапачаткова планавалася, што прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі вылецяць на самалёце з Расіі ў Турцыю, там іх затрымаюць і перададуць Украіне ў межах міжнароднай прававой супрацы.
Мар’яна Бязугла падкрэсліла, што выкананне гэтай аперацыі было прыпынена, калі стала зразумела, што ў яе рэалізацыю ўмяшаліся спецслужбы Расіі і Беларусі, бо маршрут перамяшчэння «вагнераўцаў» быў зменены праз Мінск. Асобна яна звярнула ўвагу на тое, што «вагнераўцы» бесперашкодна выехалі з Расіі і бесперашкодна ўехалі на тэрыторыю Беларусі.
«Беларусь перадала Расіі 32 „вагнераўцаў“, а 33-ці быў беларускім агентам, то-бок у групе была асоба, якая працавала на спецслужбы Беларусі», — паведаміла Мар’яна Бязугла.
Часовая следчая камісія прыйшла да такіх высноў на падставе інфармацыі пад грыфам «цалкам сакрэтна» і «сакрэтна», атрыманай з Галоўнага ўпраўлення выведкі і Службы бяспекі Украіны.
Мар’яна Бязугла падкрэсліла, што спецыяльныя службы Украіны шмат гадоў збіралі інфармацыю пра асобаў, датычных да баявых дзеянняў на ўкраінскім Данбасе, у тым ліку і з мэтай вызначыць сістэму арганізацыі і дзейнасці прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».
«Калі апрацоўваліся рызыкі і пагрозы для паспяховасці гэтай аперацыі, узялі паўзу і размясцілі групу ў санаторыі, і, адпаведна, пачалі распрацоўваць больш сур’ёзна дадатковыя варыянты — варыянт пасадкі самалёта ў супрацы з усімі галіновымі службамі. Але як асноўны ён не быў рэалізаваны. Падкрэслю, калі спецслужба распрацоўвае такое мерапрыемства, то можа быць 10–15 варыянтаў, і выбіраецца той, які рэалістычны».
Мар’яна Бязугла перакананая, што гэтая сітуацыя стала вынікам контрагульні спецслужбаў Беларусі, Расіі і Украіны.
«На ўзроўні спецслужбаў было ўхвалена рашэнне аб адтэрміноўцы гэтага спецыяльнага мерапрыемства, паколькі была атрыманая інфармацыя пра тое, што сітуацыя становіцца некантраляванай з украінскага боку, і, адпаведна, каб адпрацаваць рызыкі і павялічыць шанцы на паспяховасць», — патлумачыла Мар’яна Бязугла.