Расія адмяніла ўсе абмежаванні па палётах у Беларусь: колькасць рэйсаў значна вырасце

Расія здыме ўсе «кавідныя» абмежаванні на палёты ў Беларусь. Пра такое рашэнне расійскага ўрада ўвечары 9 верасня абвясціў Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі з кіраўніком Беларусі. Гэтая навіна стала нечаканасцю для беларускага боку, паведамляе Myfin.by.

_aeraport__samalet___vylet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Рэжым авіязносін паміж Расіяй і Беларуссю вяртаецца ў дакакідны стан, усе абмежаванні, прынятыя ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, будуць адмененыя, абвясціў Уладзімір Пуцін.

«Аляксандр Рыгоравіч пакуль не ведае пра рашэнне, якое толькі што прынятае на ўрадавай камісіі вось тут, непадалёк ад нас, у Доме ўрада. Прынятая пастанова зняць усе кавідныя абмежаванні, якія тычацца авіяцыйнага транспарту», — сказаў Пуцін, паведамляе РБК. «Вы мне пра гэта не гаварылі», — адрэагаваў Лукашэнка. «Я не гаварыў, вось цяпер стаўлю вас у вядомасць пра гэта», — растлумачыў расійскі кіраўнік.

«Да таго, як гэтыя так званыя кавідныя абмежаванні былі ўведзеныя, у нас у тыдзень было звыш 200 рэйсаў — 201 рэйс быў на тыдзень, — а цяпер 36. Я не думаю, што за два дні адновіцца дакавідны ўзровень да 200 з лішнім палётаў — гэта залежыць ад рынку перавозак, але мяркую, што аднаўленне пойдзе хутка, у тым ліку і таму, што, спадзяюся, будуць хутка і эфектыўна рэалізоўвацца тыя дамоўленасці і тыя праграмы, пра якія мы інфармавалі», — сказаў Пуцін.