У Іркуцку ўвялі рэжым НС і забаранілі продаж нехарчовых алкагольных рэчываў
Улады Іркуцка абвясцілі аб увядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі пасля гібелі 41 чалавека, якія атруціліся касметычным сродкам "Боярышник".
Продаж вадкасцяў з утрыманнем спірту, якія не адносяцца да харчовых, забароненая. Склад з сурагатам ужо знайшлі, у вадкасці выяўлена смяротная атрута — метанол, паведамляе ВВС.
Пра меры, якія ўлады робяць пасля масавага атручвання сурагатным алкаголем, распавёў мэр Іркуцка Дзмітрый Берднікаў. У панядзелак ён правёў пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях.
"У Іркуцку ўводзіцца рэжым надзвычайнай сітуацыі", — сказаў мэр.
Па апошніх дадзеных, якія паведаміла пракуратура, за апошнія два дні памёр 41 чалавек, што выпіў канцэнтрат для ваннаў "Боярышник", усяго атруціліся 57 чалавек. Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Расіі Алег Салагай адзначыў, што стан астатніх атручаных, якія знаходзяцца ў медыцынскіх установах Іркуцка, "ацэньваецца як цяжкі і вельмі цяжкі, хворым аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамогі", цытуе яго словы ТАСС.
"Каб прадухіліць далейшае атручванне і гібель людзей, будзе ўведзена часовая забарона на гандаль нехарчовымі спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі ў Іркуцку, у тым ліку тымі, якія прадаюцца пад маркай "Боярышник", — цытуе выступ іркуцкага мэра Інтэрфакс.
Тым часам расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні ўрада патрабаваў альбо выключыць спіртаўтрымліваючыя вадкасці з рознічнага гандлю, альбо паставіць іх продажу "пад поўны кантроль" і выкарыстоўваць пры гэтым Адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму.
У лістападзе ўключыць сурагаты алкаголю, спажыванне якіх у Расіі застаецца на стабільна высокім узроўні, у Адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму прапаноўваў намеснік міністра фінансаў Расіі Ілля Трунін — хоць тады ён казаў пра медыцынскія прэпараты, у тым ліку пра настойку глогу.
У Іркуцку людзі атруціліся сродкам для ваннаў "Боярышник", які замест этылавага спірту ўтрымліваў атрутны метылавы спірт або метанол. Улады ўжо знайшлі цэх, дзе выраблялася смертаносная вадкасць. Ён знаходзіцца ў садаводстве побач з мікрараёнам Нова-Леніна, дзе адбылося масавае атручэнне. У цэху стаялі 47 пластыкавых каністраў з "Боярышником", зробленым з выкарыстаннем метылавага, а не этылавага спірту, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення МУС "Іркуцкае" Герман Братчык.
Двое прадпрымальнікаў, пра затрыманне якіх раней паведамляў Следчы камітэт, апынуліся ўладальнікамі гэтага цэха, растлумачыў паліцэйскі. Паводле яго слоў, акрамя "Боярышника" там знайшлі гарэлкі марак "Царская охота" і "Финляндия серебристая".
Пра масавае атручванне людзей сродкам "Боярышник" стала вядома ў нядзелю. Усе шпіталізаваныя жылі ў адным мікрараёне.
Гэта не першы выпадак у Расіі, калі людзі масава гінуць з-за ўжывання сурагатнага алкаголю, зробленага на аснове метылавага спірту. Міністэрства аховы здароўя Іркуцкай вобласці ўдакладніла, што ў такім выпадку смерць надыходзіць вельмі хутка. У бальніцах памерлі 20 чалавек, іншых не паспелі давезці да лекараў. Як сказана ў паведамленні на сайце гарадской адміністрацыі, цяпер праводзяцца пакватэрны абход, а на пад'ездах вывесілі ўлёткі, што папярэджваюць пра смяротную пагрозу.
Метанол — тэхнічны спірт, які дадаюць у растваральнікі, сродкі бытавой хіміі. З-за высокай таксічнасці яго забаронена ўжываць у ежу. Па словах доктара хуткай дапамогі Дзмітрыя Белякова, 50 грамаў метанолу дастаткова для смяротнага зыходу. Адным з наступстваў атручвання метылавым спіртам з'яўляецца страта зроку. І вельмі часта, нават калі пацярпелага атрымоўваецца выратаваць, ён застаецца сляпым на ўсё астатняе жыццё.
Метылавы спірт часта выкарыстоўваюць у якасці заменніка этанолу пры вытворчасці сурагатнага алкаголю. На жаль, адрозніць метылавы спірт ад этылавага знешне немагчыма. На смак, пах і колер яны ідэнтычныя. Метылавы спірт вельмі хутка ўсмоктваецца ў страўніку. Яго таксічныя прадукты распаду (мурашыная кіслата і фармальдэгід) уздзейнічаюць на ўнутраныя органы, у першую чаргу на ныркі, і цэнтральную нервовую сістэму, у прыватнасці сятчатку вока.