У фестывалі «Славянскае адзінства» возьмуць удзел Расія, Беларусь і «ДНР» — замест Украіны
З 1970-х гадоў на мануменце «Тры Сястры» (дзе сыходзяцца межы Беларусі, Расіі і Украіны) праходзіў фэстываль «Славянскае адзінства», піша «Свабода». Да 2014 года ў ім бралі ўдзел тры краіны-суседкі.
На сёлетнім фэстывалі, які пройдзе ў расійскім Бранску, Украіны не будзе. Але будзе прадстаўлена так званая «Данецкая Народная Рэспубліка», якую ўкраінскі парламент прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй.
Дэпартамэнт культуры Бранскай вобласці апублікаваў праграму мерапрыемстваў фестывалю «Славянскае адзінства».
Мерапрыемствы пройдуць у асноўным у анлайн-фармаце. У іх возьмуць удзел установы культуры Расіі, Беларусі і так званай «ДНР».
Адбудуцца абменныя анлайн-пастаноўкі спектакляў Бранскага тэатра юнага гледача і Палаца мастацтваў Бабруйска, Магілёўскага тэатра драмы і камедыі, а таксама Данецкага рэспубліканскага моладзевага тэатра (Макееўка).
Пройдуць тэлемосты з удзелам Гродзенскага тэатра лялек і Горлаўскага («ДНР») гарадскога тэатра лялек.
З беларускага боку ўдзел возьмуць музеі, тэатры, бібліятэкі, архівы, установы адукацыі.
25 чэрвеня абласное аддзяленне агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Асамблея народаў Расіі» правядзе «Тэлемост з народамі Беларусі».
Летась фестываль праходзіў у памежных Клінцах (Расія). Ён быў прысвечаны 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў асноўным прайшоў у анлайн-фармаце.
«Упершыню мерапрыемства прайшло ў 1969 годзе ў якасці сустрэчы памежных абласцей — Бранскай, Гомельскай і Чарнігаўскай. Але і сёння, калі прайшло больш за 50 гадоў, захоўваецца еднасць трох славянскіх народаў, умацоўваецца сяброўства», — пісала выданне з Клінцоў летась.