У дзвюх абласцях Украіны забаранілі рускамоўную культуру ў публічнай прасторы
Верагодна, забарона тычыцца і беларускіх фільмаў і песняў, выкананых на рускай мове. Так будзе «да поўнага спынення акупацыі Расійскай федэрацыяй тэрыторыі Украіны», паведамляе «Радыё Свабода».
Дэпутаты Жытомірскай абласной рады 25 кастрычніка прынялі пастанову аб забароне на публічнае выкарыстанне «культурнага прадукту» на рускай мове, піша УНІАН. Раней падобную забарону прынялі ва Львоўскай вобласці.
Забарона тычыцца не размоваў па-руску ў публічных месцах, а дэманстрацыі фільмаў і прайграння музыкі, выступаў расійскіх актораў і іншага. Дэпутаты просяць абласныя адміністрацыі стварыць працоўныя групы для тлумачальнай працы з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, а таксама збіраюцца распрацаваць законапраект для такога мараторыя па ўсёй Украіне.
Што на Львоўшчыне, што на Жытоміршчыне рашэнне прынятае «да поўнага спынення акупацыі Расійскай Федэрацыяй тэрыторыі Украіны». Такімі тэрыторыямі ва Украіне афіцыйна лічаць Крым, акупаваны Расіяй у 2014 годзе, і часам неафіцыйна — тэрыторыі, падкантрольныя «ДНР» і «ЛНР».
Верагодна, забарона тычыцца і беларускіх фільмаў і песняў, выкананых на рускай мове — а некаторыя беларускія рускамоўныя музычныя гурты не раз выступалі на фэстах Львоўшчыны.
Што на Львоўшчыне, што на Жытоміршчыне ўкраінскай мовай карыстаюцца часцей, чым па ўсёй Украіне: напрыклад, больш за 99% апытаных у гэтых абласцях казалі, што валодаюць украінскай (па ўсёй краіне — толькі 89% паводле апытання 2014 года), больш за 99% школаў там з украінскай мовай навучання (па ўсёй краіне — 81,9% на 2012 год).
Забарона на паказ новых расейскіх фільмаў дзейнічае ва Украіне з вясны 2016 года — тады прэзідэнт Пятро Парашэнка падпісаў указ, паводле якога на тэрыторыі Украіны нельга публічна дэманстраваць расійскія стужкі, выпушчаныя пасля 1 студзеня 2014 года, каб «абмежаваць любыя формы прапаганды, выкарыстаныя дзяржавай-акупантам».