«Непаразуменне» з затрыманнем Міколы Балабана. На каго палявала беларуская міліцыя?

З украінскім актывістам, з якім учора ў Мінску міліцыя магла паблытаць затрыманага выдаўца Міколу Балабана,  пагутарыла «Радыё Свабода».

Украінскі менеджар у продажы рэкламы і юрыст Мікола Балабан, якога 25 кастрычніка затрымалі ў Менску

Украінскі менеджар у продажы рэкламы і юрыст Мікола Балабан, якога 25 кастрычніка затрымалі ў Менску

У чацвер у менскім гатэлі затрымалі кіеўскага менеджара ў продажы рэкламы і юрыста Міколу Балабана. Праз шэсць гадзін пасля высвятлення асобы і сферы дзейнасці яго адпусцілі, а арганізатары Форуму медыяменеджменту і ІТ, на які той прыехаў у Менск, назвалі гэты выпадак «непаразуменнем».

Хто меў быць на месцы затрыманага бізнесоўца?

За гэтай дэтэктыўнай гісторыяй з цікавасцю і хваляваннем за цёзку ва Украіне назіраў яшчэ адзін Мікола Балабан — кіраўнік няўрадавага Цэнтру даследавання бяспекавага асяроддзя «Прамэтэй» (Львоў).

Мікола Балабан – кіраўнік няўрадавага Цэнтру даследавання бяспекавага асяроддзя “Прамэтэй”

Мікола Балабан – кіраўнік няўрадавага Цэнтру даследавання бяспекавага асяроддзя “Прамэтэй”

Раней Мікола Балабан актыўна супрацоўнічаў з вядомым валанцёрскім праектам InformNapalm, створаным у 2014 годзе для інфармавання аб агрэсіі Расіі супраць Украіны, і браў удзел у расследаванні катастрофы самалёта рэйсу MH-17, збітага ў небе над Данецкай вобласцю.

Цяпер Балабан сканцэнтраваўся на аналітычнай працы — піша для замежнай аўдыторыі пра сітуацыю ва Украіне. У Беларусі ж ён быў толькі аднойчы, яшчэ ў гады свайго студэнцтва. 

«Сябры падумалі, што ў Мінску затрымалі мяне»

— Раніцай сябры і знаёмыя пачалі скідваць мне інфармацыю, бо адразу падумалі, што гаворка менавіта пра мяне, у першую чаргу праз маю валанцёрскую дзейнасць у InformNapalm. Для мяне гэта было зразумела, таму што мяне ўжо блыталі з гэтым Міколам Балабанам. Калі я пабачыў інфармацыю пра ягонае затрыманне, зразумеў, што мусіў быць я на ягоным месцы. Псіхалагічна пасля серыі скандалаў, якія былі ў Беларусі з затрыманнем украінцаў і знікненнем Паўла Грыба (у Гомлі) я даўно быў гатовы да таго, што і ў Расію, і ў Беларусь мне дарога забароненая. Тым больш што на расійскіх рэсурсах былі артыкулы пра мяне як украінскага прапагандыста. Думаю, што маё імя там цыркулюе, як і многіх іншых людзей, і ёсць у агульнай базе дадзеных.

Апроч таго, я год, з лета 2014-га, служыў ва Узброеных сілах Украіны. Гэта была другая хваля мабілізацыі, вельмі цяжкая. Я пайшоў добраахвотна на мабілізацыйны пункт і выязджаў на фронт якраз у той самы момант, у дзень Незалежнасці, калі нашы войскі трапілі ў акружэнне ў Ілавайску. Служыў у сектары С, каля Дэбальцава. 

— Ці заўважалі вы вакол сябе нейкія рэчы, якія маглі б сведчыць пра пэўную цікавасць да вас з боку спецслужбаў Беларусі ці Расіі? 

— Часам пасля маіх публічных выступаў нейкія дзіўныя людзі дадаваліся ў сябры ў сацыяльных сетках. Але ніякіх падазроных запрашэнняў на мерапрыемствы ці акцыі не было — ні з боку Расіі, ні з боку Беларусі. Апроч сацыяльных сетак і такіх агульных спроб збору інфармацыі пра мяне я не бачыў нічога такога асаблівага.

У верасні мяне запрасілі ў Казахстан на канферэнцыю, і я шмат вагаўся, баяўся, што мяне могуць арыштаваць, бо думаў, што Расея, Беларусь і Казахстан, то бок палітычныя рэжымы, блізкія да Крамля, знаходзяцца ў адной сыстэме бяспекі з адзінай базай дадзеных памежных ведамстваў пра людзей, якіх трэба затрымаць. Я ляцеў у Казахстан не праз Расею, але ў Казахстане абсалютна ўсё прайшло добра — і на ўездзе, і на выездзе. Значыць, толькі Беларусь з Расеяй мае такую адзіную базу, а Казахстан не.

— На вашу думку, якія вашы праекты найбольш цікавыя для спецслужбаў?

— Зразумела, арганізацыі InformNapalm. Я ўдзельнічаў у распрацоўцы матэрыялаў пра катастрофу «Боінга» і перамяшчэнне ўстаноўкі «Бук», з якой самалёт быў збіты. Дадаткова я яшчэ прэзентаваў гэтае расследаванне ў сродках масавай інфармацыі. Цяпер мы стварылі яшчэ адну грамадскую арганізацыю «Прамэтэй» і супольна з InformNapalm выдалі ў пяці моўных версіях кнігу «Данбас у агні». Гэта такое невялікае даследаванне, своеасаблівы падручнік для людзей, якія хочуць разабрацца ў тым, што адбываецца на Данбасе. Мы шмат працавалі і з замежнымі экспертамі, перадавалі гэтую працу ў АБСЕ, ПАРЕ. Міністэрства замежных спраў распаўсюджвала яе ў дыпламатычных установах. Мяркую, гэта была вельмі прыкметная публічная актыўнасць, якая магла нейкім чынам зацікавіць спецслужбы. 

«Я ніколі не выказваўся наконт Беларусі»

— Ці займаліся вы даследаваннямі на беларускую тэматыку? І як вы думаеце, каго больш цікавіце — беларускую ці расейскую спецслужбы?

— У межах супольнасці InformNapalm праводзіліся і беларускія даследаванні пры супрацы з беларускімі валанцёрамі. Даследаваліся вучэнні «Захад-2017», параўноўвалася тэхніка з узбраеннем на Данбасе. Ёсць нават беларускамоўная версія такіх расследаванняў, але я не ўдзельнічаў у іх.

 Хутчэй за ўсё, размова ідзе пра «чорныя» спісы Расіі, дзеянне якіх распаўсюджваецца на тэрыторыю Беларусі. Насамрэч, я ніколі не выказваўся наконт Беларусі — ні публічна, ні прыватна. Маю вельмі добрыя асабістыя стасункі з беларусамі, але прафесійна ніколі не займаўся вывучэннем беларускай тэматыкі. І я вельмі спадзяюся, што яшчэ прыеду ў Беларусь не раз, але пазней.

Цяпер я завяршаю працу над дысертацыяй, вывучаю падзеі першых двух тыдняў пасля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Як навукоўца мяне цікавіць агульная тэорыя гвалту — дзе ён з’яўляецца і дзе знікае, якія ў яго механізмы. І мой кейс, мая дысертацыя — гэта мікрагісторыя, у якой я спрабую апісаць два тыдні: як паводзілася грамадства, савецкая ўлада, НКВД і спецслужбы ў прасторы гораду, калі савецкія войскі адступалі, а немцы наступалі. Мне вельмі цікава, бо, калі я служыў на Данеччыне, мне было дзіўна, чаму там не было масавых выпадкаў гвалту. Ёсць вельмі моцнае напружанне ў сувязі з баявымі дзеяннямі, але няма акцый помсты. Тэма вельмі вузкая, але яна звязаная з сучаснасцю.

www.svaboda.org