Трамп, Зяленскі, Пуцін. Каляды-2023 у карыкатурах
Калядныя матывы заўсёды дапамагалі мастакам выявіць актуальныя праблемы. Каляды 2023 года не сталі выключэннем.
Крыху парадаксальна, але вельмі шмат сёлетніх калядных карыкатур прывязаны хутчэй да падзей 2024-га. А дакладней да адной падзеі — выбараў прэзідэнта ЗША. Тэма супрацьстаяння патэнцыйных кандыдатаў (Дональд Трамп і Джо Байдэн) запатрабавана ўжо зараз. Мастак з выдання The Times, прадчуваючы магчымы арышт Трампа за ўдзел у беспарадках у студзені 2020-га, наступным чынам адлюстраваў падрыхтоўку Калядаў у доме лідараў рэспубліканцаў.
Аднак у фокусе ўвагі мастакоў не толькі Штаты. Шматлікія карыкатуры адлюстроўваюць мясцовы палітычны каларыт. Напрыклад, мастак газеты The Guardian іранізуе над жаданнем уладаў Брытаніі адпраўляць нелегальных імігрантаў у афрыканскую Уганду. На малюнку Санта-Клаўс, якога арыштоўваюць як нелегала, пераконвае паліцыянтаў, што ён ужо быў ва Угандзе.
Хапае ў рэпертуары графікаў і сацыяльных тэм. На малюнку амерыканскай газеты Mercury News самотная маці з двума дзецьмі просіць у Санта-Клаўса замарозіць працэнт па крэдыту. Санта прызнаецца, што ў гэтай галіне ён нічога зрабіць не можа.
Безумоўна, мастакі нагадалі чытачам аб пакутах жыхароў, якія сустракаюць Каляды ў зоне ваенных канфліктаў. Вось так супрацоўнік праекта Cartoon Movement паказвае прыход Санта-Клаўса ў сектар Газа, дзе сёння адбываецца сапраўдная гуманітарная катастрофа.
А так выданне The Day бачыць сустрэчу Калядаў ва Украіне.
Украінская тэма звязана і з разборкамі ў парламенце ЗША, дзе вядучыя фракцыі ніяк не дамовяцца наконт пакета дапамогі для Украіны. Магчыма, адзінае што можа дапамагчы Украіне — каляднае чараўніцтва. Не выпадкова на гэтым малюнку прэзідэнт Уладзімір Зяленскі спрабуе злавіць Санта-Клаўса.
Хаця ў Расіі Каляды па новым стылі не святкуюць, Пуцін не застаўся без падарунка. На думку мастака выдання, гэтым падарункам з'яўляюцца цяперашнія спрэчкі на Захадзе наконт працягу дапамогі Украіне.
Напрыканцы трэба адзначыць, што не толькі палітыкай жывуць мастакі напярэдадні Калядаў. У прэсе хапае непалітызаваных карыкатур, якія ствараюць атмасферу свята. На гэтым малюнку газеты West Central Tribune хлопец арыгінальна зразумеў жаданне сяброўкі — падарыць ёй на Каляды швэдар з аленем.
З Калядамі!