Шэсць гадоў таму быў забіты Барыс Нямцоў. Па ўсёй Расіі праходзяць акцыі памяці апазіцыйнага палітыка
13-гадзінны онлайн-марафон памяці Барыса Нямцова праходзіць сёння, у шостую гадавіну забойства палітыка. Яго праводзяць рух «Салідарнасць» і таварыства «Мемарыял», прызнаны ў Расіі іншаагентам.
У расійскіх гарадах сёння паходзіць акцыя памяці палітыка
Барыса Нямцова, забітага паблізу Крамля 6 гадоў таму. Штогадовыя маршы памяці
на гэты раз не адбудуцца — улады тлумачаць гэта каронавіруснымі абмежаваннямі.
Але з самай раніцы людзі нясуць кветкі да магілы аднаго з лідараў апазіцыі на
Траякураўскіх могілках у Маскве і да месца ягонага забойства побач з Крамлём, піша «Рэха Масквы».
Мясцовыя ўлады ўзгаднілі мерапрыемствы далёка не ўсюды. У
Яраслаўлі, дзе Нямцоў быў дэпутатам абласной Думы, упершыню за 6 гадоў з
моманту яго гібелі марш памяці не ўзгаднілі. Спаслаліся на каронавірусныя
абмежаванні. Гэтак жа абгрунтавалі адмову ўлады Казані, Вялікага Ноўгарада,
Валгаграда, Екацярынбурга, Новасібірска.
У Барнауле і Варонежы пройдуць шэсці, у Новасібірску,
Растове і Краснадары — пікеты, у Кастраме — вечар памяці, у Астрахані, Ульянаўску,
Пермі, Пяцігорску і Санкт-Пецярбургу — ускладання кветак. У паўночнай сталіцы
акцыя пройдзе ля Салавецкага каменя, колькасць удзельнікаў абмежаваная — не
больш за 50 чалавек. У Екацярынбургу актывісты арганізуюць вахту Памяці. У
Ніжнім Ноўгарадзе ўлады адмовілі ў правядзенні шэсця, але пасля адкрытага ліста
акцыю дазволілі, хоць у іншым фармаце, адзначыўшы пры гэтым, што Барыс Нямцоў,
першы губернатар Ніжагародскай вобласці, для жыхароў не проста палітык, а
сімвал Новага часу.
Больш за 700 чалавек, паводле звестак руху «Белы лічыльнік», прыйшлі з кветкамі да месца гібелі Барыса Нямцова побач з Крамлём.