«Абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду», — дачка Генадзя Шутава
«Такога абсурду, як адбываецца цяпер, я не бачыла і не чула ніколі пра такое», — сказала ў размове з «Белсатам» сястра Аляксандра Кардзюкова. «Іншага прысуду быць не магло, хоць, вядома, мы ішлі з надзеяй, што, можа, у кагосьці сумленне пераможа страх, але гэтага не адбылося. Увесь суд быў, на мой погляд, ненармальны, бо ўсё павінна быць наадварот».
25 лютага забітага Генадзя Шутава суд Брэсцкай вобласці прызнаў вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэння пакарання». Сведку забойства Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму.
Настасся Баранчук, дачка забітага Генадзя Шутава, сама абараняла ў судзе свайго бацьку-нябожчыка. Яна расчараваная такім вынікам суда.
— У судзе абвінавачанне не даказанае, абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду і не чакала, што дзесяць гадоў дадуць Кардзюкову, бо па факце нічога няма. У любым выпадку, мы будзем абскарджваць і чакаць далей, — распавяла «Белсату» Настасся Баранчук.
Дачка Шутава са сваякамі вяла сваё расследаванне гібелі бацькі. Яна кажа, што шмат якія моманты ў судзе не былі ўлічаныя, а працэс ішоў так, як было выгадна баку абвінавачвання.
— Ёсць моманты, якіх не было на судзе, не было шмат якіх сведак. Былі пяць чалавек, якія ў момант забойства стаялі каля парапета — выклікалі толькі аднаго. Былі людзі, якія праходзілі міма, іх таксама не паклікалі, яны [абвінавачванне] паклікалі тых, хто быў патрэбны ім. Я думала, што апраўдаюць, бо доказаў ніякіх няма — ні нападу, ні замаху, тым больш на забойства. Гэта поўнае трызненне. Гаўрылаў і Галіцын моцна блыталіся ў словах. Напрыклад, Галіцын казаў, што кроў бацькі на яго джынсах аказалася, бо ён грузіў яго ў «хуткую», але ёсць відэа, на якім бачна, што ён наогул не дапамагаў. І такіх момантаў шмат, — кажа Настасся Баранчук.
Падчас апошняга слова Аляксандр Кардзюкоў перапрасіў сваякоў Шутава, што ўцягнуў Генадзя ў гэтую справу, але Настасся кажа, што ніякага зла і крыўды на яго не трымае, наадварот, ёй хочацца падтрымаць сям’ю і самога Аляксандра.
Сястра Аляксандра Кардзюкова Марына сказала ў размове з «Белсатам»: усе разумеюць, што адбываецца, толькі яна не ведае, як усё гэта растлумачыць сваім бацькам.
— Я думаю, усе нармальныя людзі, якія ўмеюць думаць, ацэньваць, усе, хто назіраў і назірае за гэтым працэсам, разумеюць, што адбылося. Іншага прысуду быць не магло, хоць, вядома, мы ішлі з надзеяй, што, можа, у кагосьці сумленне пераможа страх, але гэтага не адбылося. Увесь суд быў, на мой погляд, ненармальны, бо ўсё павінна быць наадварот. Я дажыву да таго дня, калі будзе сумленны суд і будзе ўсё як мае быць. Такога абсурду, як адбываецца цяпер, я не бачыла і не чула ніколі пра такое. Проста выбралі слабое звяно: мой брат апынуўся не ў тым месцы не ў той час са сваім сябрам. Я ўвогуле не ведаю, як ён трымаецца: ён страціў сябра і тое, што з ім адбываецца, — ён вытрымлівае гэта мужна. Ён выжыве, гэта было зразумела па яго апладысментах [пасля выраку Аляксандр запляскаў — так ён паказаў сваёстаўленне да выраку. — Заўв. рэд.], але мы спадзяёмся, што хутка гэта ўсё скончыцца, — кажа, не хаваючы слёз, Марына, сястра Аляксандра Кардзюкова.