Сусветныя прагнозы на 2021: Горш ужо не будзе

Нават калі б 2020-ы быў падобны на звычайныя гады, якія папярэднічалі прыходу пандэміі, усё роўна напярэдадні 2021-га людзі б асцярожна ставіліся да будучыні. Усё праз папулярнасць астралагічных прагнозаў, складальнікі якіх разглядаюць наступны год як вельмі незвычайны.

new_year_5822002_1280.jpg


Гэта будзе першы год так званай «эпохі Вадалея», якая стартавала 22 снежня — пасля таго, як планеты Сатурн і Юпітэр аказаліся ў сузор’і Вадалея.
Для астролагаў гэта — не проста нейкае астранамічнае супадзенне. Калі ім верыць, такі расклад на небе наўпрост паўплывае на ўсіх нас. Сцвярджаецца, што асноўнай характарыстыкай новай эпохі стане адмова ад калектыўнай ідэі на карысць сцвярджэння асобы, індывідуальнасці. Гэта будзе час раскрыцця талентаў. Аднак астролагі папярэджваюць, што пераход ад адной эпохі да другой можа быць звязаны з глабальнымі зрухамі і зменамі.
На такія глабальныя турбуленцыі, калі верыць прагнозам, наступны год сапраўды будзе вельмі багаты. Прычым, нам давядзецца мець справу з незвычайнымі з’явамі. Напрыклад, так званымі «войнамі вакцынаў», калі дзяржавы і манаполіі будуць змагацца, каб першымі стварыць дзейсную вакцыну супраць каронавіруса — зарабіць на гэтым грошы і за кошт новага прэпарату нават уцягнуць некаторыя краіны ў зону свайго геапалітычнага ўплыву. Прынамсі, агрэсіўная рэклама расійскай вакцыны «Спутник» на знешніх рынках спарадзіла ў прэсе такое выслоўе, як «Вакцыйны рускі свет».
Яшчэ пару тыдняў таму ў грамадскай думцы дамінаваў аптымістычны графік выхаду з эпідэміі. Некаторыя нават марылі, што «чума» закончыцца ў другім квартале наступнага года. Аднак рэгістрацыя ў Вялікабрытаніі новага штаму каронавіруса выклікала калектыўны шок і расчараванне.
Таксама відавочна, што глабальную эканоміку працягне ліхаманіць. Такія перспектывы прымушаць эканамістаў напружваць мазгі. Папярэднія спробы амартызаваць выкліканую вірусам рэцэсію за кошт ільготных крэдытаў і фінансавай дапамогі бізнесу мелі слабы ККД. Як сведчыць статыстыка, спажывецкі попыт і інвестыцыйная дынаміка застаюцца кволымі. Затое рэсурсы цэнтральных банкаў яўна не гумовыя.
Зрэшты, Захад, напэўна, неяк выкараскаецца. Увядзенне ў абарот адразу некалькіх вакцынаў дасць магчымасць на працягу наступнага года спыніць пандэмію і адмяніць каранціны. А вось на перыферыі назіраюцца небяспечныя сцэнары.
Па словах выканаўчага дырэктара Сусветнай харчовай праграмы ААН Дэвіда Бізлі, такога крызісу не было за ўсе 75 гадоў існавання ААН. У 2020-м колькасць людзей, якія стаяць на парозе галоднай смерці, падскочыла да 270 мільёнаў. Гэта можа выклікаць не толькі масавую міграцыю, аднак і палітычныя землятрусы. Зрэшты, змяненне самой парадыгмы свядомасці людзей з-за каранціну і лакдаўнаў можа справакаваць пратэсты таксама ў краінах «першага свету».
Палітычныя ўраганы відавочна не абмінуць і нашы палесціны. У Расіі прагназуецца запуск трансферу ўлады, фрагмент якога — фарміраванне Дзяржсавета і пераразмеркаванне на яго карысць часткі ўладных паўнамоцтваў. Таму чакаюцца маштабныя кадравыя ратацыі, якія закрануць усе інстытуты ўлады. Адрыў элітаў ад эканамічных і сацыяльных рэалій, на думку некаторых каментатараў, непазбежна прывядзе да пратэстаў.
Напэўна, у постсавецкіх краінах паспрабуюць улада будзе мяняць свой дызайн. Ва Украіне аслабленне рэйтынгу Зяленскага можа падштурхнуць да правядзення датэрміновых парламенцкіх і нават прэзідэнцкіх выбараў. Магчымая нестабільнасць унутры краіны можа актывізаваць знешніх гульцоў, якія не хаваюць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на адрас «ненькі». Практычна няма сумневу, што калектыўная траўма армян ад прайгранай вайны ў Нагорным Карабаху прывядзе да сыходу ў адстаўку армянскага прэм’ера Ніколы Пашыняна. А студзеньскія парламенцкія выбары ў Казахстане гэтым разам могуць быць не падобныя да традыцыйных «элегантных перамогаў» праўладных кандыдатаў.
Свае карэктывы ў постсавецкую драматургію ўнясе, безумоўна, знешнепалітычны курс новай амерыканскай адміністрацыі. Што будуць рабіць Злучаныя Штаты на міжнароднай арэне — цяпер адно з самых дыскутаваных пытанняў у сусветных СМІ. Посттрампаўская знешняя палітыка ЗША, на думку большасці экспертаў, стане больш прадказальнай, рацыянальнай, узважанай. Чакаецца актыўнае супрацоўніцтва з Еўропай па шэрагу тэм, у тым ліку — па Кітаю і Ірану. Прыярытэтам адміністрацыі Байдэна стане аднаўленне іміджу ЗША і іх рэпутацыі як надзейнага партнёра.
Можна прагназаваць, што цяпер асноўным інструментам знешняй сілы ЗША стане дыпламатыя, асабліва з улікам яўнага расчаравання амерыканцаў наступствамі інтэрвенцыі ў Ірак і Афганістан. Пры гэтым тэма правоў чалавека наўрад ці знікне з павесткі Белага дому. Пра гэта сведчыць у тым ліку антыпуцінская рыторыка Байдэна і відавочны інтарэс чальцоў яго каманды да беларускага кейсу. Увогуле, на першых этапах кадэнцыі Байдэна прыярытэт, хутчэй за ўсё, будзе надавацца сітуацыі ўнутры Злучаных Штатаў. Новаабраны гарант абяцае за першыя сто дзён прэзідэнцтва дамагчыся значных прарываў у барацьбе з вірусам і эканамічным крызісам.
Але ёсць і пазітыўныя прагнозы на 2021. Кліматычная катастрофа, гледзячы па ўсім, у наступным годзе планеце не пагражае. Навукоўцы прагназуюць, што ў 2021 годзе ва ўсім свеце будзе трохі халадней, чым у гэтым. З іншага боку, 2021-ы ўсё роўна стане адным з шасці самых цёплых гадоў за апошнія стагоддзі.
Нарэшце, як жартуюць некаторыя палітолагі, у новы год трэба глядзець з аптымізмам — з улікам таго, што мы перажылі 2020-ты. Горш, як яны запэўніваюць, ужо дакладна не будзе.