Крыміналка Кудзіна і 134 дні на ўсіх. Вынікі 2020 года для беларускага спорту

Вольга Хіжынкова нарэшце выйшла на волю. Яна правяла за кратамі 42 дні. Каля сцен жодзінскага ізалятара яе сустракалі родныя, шматлікія сябры, журналісты недзяржаўных медыя, актывісты Свабоднага аб’яднання спартсменаў.

Фота SOS-BY. Іван Ганін, Алена Леўчанка, Андрэй Краўчанка: пратэставалі, сядзелі, але не гублялі годнасці 

Фота SOS-BY. Іван Ганін, Алена Леўчанка, Андрэй Краўчанка: пратэставалі, сядзелі, але не гублялі годнасці 


Так скончылася чарговая гісторыя рэпрэсій, якія дзявятым валам накрылі краіну ў сыходзячым годзе на фоне скандальных прэзідэнцкіх выбараў. Многія беларусы дагэтуль жывуць паводле турэмнага графіку — і Новы год сустрэнуць у вязніцы. Многіх ужо асудзілі паводле Крымінальнага кодэкса — за надпісы на тратуары, абразу дзяржасобы ці міжвольны штуршок міліцыянта. У жорны рэпрэсіўнай машыны патрапілі калі 30 тысяч чалавек, якія прагнулі пераменаў і пацярпелі за сваё імкненне да свабоды.
Пацярпеў і беларускі спорт, які таксама аказаўся ў плыні пратэсту. Сотні, калі не тысячы атлетаў выступілі супраць фальсіфікацый, гвалту і палітычнага пераследу суайчыннікаў. Дзясяткі, калі не сотні выходзілі на нядзельныя маршы — і не ўсе потым вярталіся дадому.

Вольга на волі, Алена за мяжой

Напрыканцы 2020-га мы вырашылі прыгадаць тых беларускіх спартсменаў, з кім сістэма не цырымонілася — карала, судзіла, кідала ў камеры, не зважаючы на заслугі, рэгаліі і тытулы, гучныя імёны.
42 дні зняволення Вольгі Хіжынковай — пачатак нашага «мартыралогу». Так, яна не спартсменка, і ўлюбёныя свае марафоны бегае на аматарскім узроўні. І ўсё ж для спорту дзяўчына не чужая. Хаця б таму, што тры з паловай гады адпрацавала прэс-сакратаркай у футбольным клубе «Дынама» (Брэст). Зрэшты, тыдзень таму мы ўзгадвалі асноўныя этапы Вольгінай біяграфіі — як і абставіны, якія пасялілі яе на Акрэсціна па схеме 12+15+15. Гэта адзін з самых буйных адміністрацыйных тэрмінаў, якія атрымлівалі пратэстоўцы ў гэтым годзе. Але Хіжынкова вытрымала іспыт з годнасцю свабоднага чалавека — нягледзячы на пачварныя ўмовы ўтрымання — і выйшла на волю бадзёрай і поўнай пазітыву.
Яны ўсе такімі выходзяць — паказваючы загартаванасць не толькі цела, але і духу. Яны ўсе — беларусы, якімі можна ганарыцца і з якіх варта браць прыклад.
Алена Леўчанка адседзела «ўсяго» 15 сутак у тым жа ЦІП на Акрэсціна. І прыкладна ў тых жа ўмовах, што і Вольга Хіжынкова. Яе забралі з аэрапорта нібыта як уцякачку, хаця збягаць з роднай краіны знакамітая баскетбалістка не збіралася. Яна ляцела ў Грэцыю на планавую медыцынскую рэабілітацыю, патрэбную для ўзнаўлення спартыўнай кар’еры. Планы сарвалі сілавікі — і замест самалёта Алена аказалася ў камеры. Лічбы 23.34 замянілі ёй лік на табло — як помста за ўдзел у нядзельных маршах, дзе светлавалосая дзяўчына заўсёды крочыла на чале спартыўнай калоны з расцяжкай «Народ — чэмпіён». Яе «суткі» — гэта тыя ж катаванні, з вашыма і адсутнасцю матрацаў, са сном на металічных рэйках і адсутнасцю вады ў прыбіральні.
Як і Хіжынкова, Леўчанка магла захраснуць у няволі надоўга, бо ўслед за адной адміністрацыйнай справай намалявалася другая. На шчасце, тады, у кастрычніку, нешта ўстрымала рэпрэсіўную машыну ад паказальнага працэсу ў адносінах да спартсменкі, якую падтрымаў ці не ўвесь баскетбольны свет. Алена атрымала 810 рублёў штрафу (30 базавых) — і ўжо хутка абдымала бацькоў і сяброў, адказвала на пытанні журналістаў. А затым і з’ехала за мяжу за доўгачаканай медыцынскай дапамогай — а заадно і за аднаўленнем пасля варварскага акрэсцінскага пансіёну.

Каму «суткі», каму карцар

У той жа дзень, што і Вольга Хіжынкова, — 8 лістапада — у пастарунак загрымелі Андрэй Краўчанка і Іван Ганін. Першы — лёгкаатлет, алімпійскі прызёр, другі — шматразовы чэмпіён краіны па кікбоксінгу і тайскім боксе. Іх выграблі з машыны на паркінгу ля Нацыянальнай школы прыгажосці — на мінскай вуліцы Мельнікайтэ, дзе ў тую нядзелю павінны былі збірацца пратэстоўцы. Звыкла не шкадавалі — шчапілі рукі, намялі бакі. Потым быў этап у Жодзіна, дзе абодвух прымушалі прысядаць, адціскацца ад падлогі, хадзіць гуськом. Які нарматыўны акт дазваляе такое абыходжанне з затрыманымі — гэта даўно ўжо не рытарычнае пытанне, а, хутчэй, тэма для чорнага гумару. Андрэй і Іван былі асуджаныя на 10 сутак кожны — яшчэ боскае пакаранне для нашай людажэрнай рэчаіснасці.
Шмат цікавага пра акрэсцінскія лабірынты ведае легенда тайскага боксу Юрый Булат. Раней спартсмен, а цяпер трэнер, ён — адзін з самых паважаных людзей у байцоўскай тусоўцы. Шматразовы чэмпіён свету, уладальнік безлічы іншых рэгалій — такімі айчынны спорт павінен ганарыцца на дзяржаўным узроўні, але ж у нашай скрыўленай рэальнасці ўсё інакш. Маеш грамадзянскую пазіцыю, прапаведуеш інакшы светапогляд? Ну, для такіх як ты, у нас заўсёды знойдзецца пара квадратных метраў у казённай кубатуры.
Булат патрапіў у вязніцу ў кастрычніку і адбываў свае 15 сутак у кастрычніку. Зміцер Дашкевіч пакутаваў там жа і ў той жа час — і распавядаў журналістам, што трэнера не проста трымалі ў камеры, а і закідвалі ў каменны мяшок, накшталт карцара. Дзе не адкідваюцца нары, няма вады і спаць даводзіцца наўпрост на халоднай падлозе.
«Я неверагодна ганаруся нашымі людзьмі! Яны мудрыя, моцныя і фантастычна добрыя. Столькі ўзаемадапамогі — і ўсё так культурна. І ўсё гэта, нягледзячы на страшную жорсткасць з боку ўрада! Жыве Беларусь!» — а гэта словы Аляксандры Сітнікавай, яшчэ адной прадстаўніцы адзінаборстваў, шматразовай чэмпіёнкі Беларусі і прызёркі чэмпіянату Еўропы. А таксама — прыхільніцы і ўдзельніцы акцый пратэсту. Яе зняволілі кастрычніку — за яшчэ жнівеньскі пост у інстаграм з фота на фоне БЧБ-мітынгу. Гэта адбылося ў дзень нараджэння мамы і напярэдадні вылету ў Егіпет на адпачынак. Замест марскога берага Аляксандры давялося 10 сутак «парыцца» ў Жодзіне — у халоднай камеры з іншымі «палітычнымі», дзе арыштанткі саграваліся салідарнасцю, гумарам і марамі пра светлую будучыню.

З Беларусі ў багажніку

Кейс імя Аляксея Кудзіна — байца-цяжкавагавіка ММА з Маладзечна — увогуле нібыта эпас беларускага пратэсту. У жніўні бацька пяці дзяцей выйшаў у цэнтр роднага горада, каб салідарызавацца з землякамі, абуранымі афіцыйнымі вынікамі выбараў. Дык адна справа — землякі, зусім іншая — сілавікі. Тыя наляцелі, пачалося «вінцілава», і тут Аляксей не стрываў — на сілу адказаў сілай. А яе ў 100-кілаграмовага волата хопіць на траіх… Кудзіна затрымалі, распачалі крымінальную справу. Потым нейкім цудам яго вызвалілі да суду, хлопец слушна ацаніў абстаноўку — і ў хуткім часе выехаў за мяжу. Як сам распавёў пасля, пакідаць радзіму давялося ў багажніку аўтамабіля. Толькі гэта і выратавала ад турмы, куды заслужаны майстар спорту гарантавана б патрапіў на працяглы тэрмін.
Менш вядома пра яшчэ аднаго майстра баявых мастацтваў — чэмпіёна Еўропы па джыу-джыцу Андрэя Шчарбацюка. Хіба толькі, што затрыманы ён быў ва ўсё тую ж «ураджайную» нядзелю 8 лістапада (наогул тады сілавікі развезлі па РУУС больш за тысячу пратэстоўцаў). Андрэй прайшоў толькі па міліцэйскіх зводках, у калейдаскопе надтрэснутых лёсаў. Атрымаў 8 сутак. Даўно іх адседзеў. Стаў адным з дзясяткаў тысяч, каго арыштавалі па палітычных матывах, бо занадта многа аб сабе і сітуацыі ў краіне разумеюць.
Беларускі футбол у гэтыя акаянныя дні, тыдні і месяцы шчодра крытыкавалі. Што, маўляў, зашыўся ў кокан, схаваўся ў сваю разору — і нават не мае моцы ўцямна артыкуляваць сваё стаўленне да падзей. І там была рацыя, шмат рацыі. Аднак цягам часу стала вядома і іншае. Што ўпотай, не афішыруючы свайго спартыўнага бэкграунду, на акцыі пратэсту футбалісты ходзяць у добрай колькасці. Некаторым шанцуе меней, чым іншым, — і гэта каштуе ім свабоды.
19-гадовы нападаючы Расціслаў Шавель у гэтым годзе дэбютаваў двойчы. Спачатку ў вышэйшай лізе ў складзе «Гарадзеі», затым — у шэрагах сядзельцаў за грамадска-палітычны актывізм. Не здольны мірыцца з несправядлівасцю, малады хлопец пайшоў на вуліцу. І быў затрыманы двойчы — спачатку ў жніўні на плошчы Незалежнасці, затым у лістападзе на Лагойскім тракце. За першы эпізод футбалісту далі 8 сутак у казённым доме, за другі — яшчэ 13. Абодва тэрміны форвард матаў у Жодзіне. Характэрна, што працадаўца — дзяржаўны клуб «Гарадзея» — лёсам свайго гульца асабліва не зацікавіўся. Нават ніхто не патэлефанаваў.
Былы абаронца маладзёжнай зборнай Раман Гаеў быў «запакаваны» ў міліцэйскі «бусік», зноў жа, 8 лістапада. Зрэшты, за кратамі не затрымаўся. Этапаваны ў Жодзіна, футбаліст рагачоўскага «Дняпра» пераначаваў там, і ўжо на наступны дзень быў вызвалены — з прысудам у 10 базавых велічыняў (270 рублёў) штрафу.

Людзі і «насякомыя»

Падобная гісторыя ў экс-гульца міні-футбольнай зборнай Сяргея Падалінскага. З той розніцай, што матэматычна яе патрэбна памножыць на два — 2 сутак і 20 базавых. Тыя суткі Сяргей бавіў на Акрэсціна яшчэ ў палымяным жніўні, таму пабачыў усялякае. Потым казаў: «Да людзей там ставяцца як да насякомых».
Тыя ж 20 базавых (540 рублёў) суд навесіў на легендарнага баскетбаліста Ягора Мешчаракова. Не пазбег штрафу і экс-варатар футбольнай зборнай Васіль Хамутоўскі. Абодва лёгка маглі б сесці, бо рэгулярна ўдзельнічалі ў нядзельных маршах побач з Аленай Леўчанка і іншымі пратэстнымі атлетамі. Але ж неяк пазбеглі гэтай долі.
Пэўна, мы ўзгадалі не ўсе выпадкі, назвалі не ўсе імёны-прозвічшы. І дакладна вынеслі за межы аповеду эпізоды больш «гуманнага» «аўтадафэ» беларускіх спартсменаў. Бо былі ж яшчэ звальненні, дысцыплінарныя спагнанні, псіхалагічны ціск — у сістэмы багаты арсенал уздзеяння на іншадумцаў.
Перапіс усяго, што здарылася, абавязкова будзе праведзены, калі хмары сыдуць з небасхілу Беларусі. А пакуль высакосны 2020-ты сыходзіць і пакідае заўзятараў у дзіўным кагнітыўным стане. Калі пра спорт прыходзіцца размаўляць у кантэксце пратэстаў, арыштаў і штрафаў, а звыклае — перамогі, ачкі, галы і секунды — адышло на далёкі план і мала хвалюе.
Дакладна так будзе і ў пачатку наступнага года, бо жыццё працягваецца і пратэсты не сціхаюць. І калі сітуацыя зменіцца, сёння не ведае ніхто.