Барацьба толькі пачалася. Але — мы здолеем

Напрыканцы года прынята падводзіць вынікі і будаваць планы. 2020 год яшчэ будуць аналізаваць дзясяткі палітолагаў, магчыма, ён стане тэмай для шматлікіх дысертацый, мы ж пакуль так глыбока не капаем. Больш за 140 дзён пратэстаў — гэта фенаменальна. Такога ў найноўшай гісторыі Беларусі не было. І безумоўна, гэта адаб’ецца на будучыні нашай краіны

1608.jpg


Без надзеі на лепшае

Пачатак года быў не вельмі звычайны. Найперш, у ім працавала рэпрэсіўная машына. Можа, нехта здзівіцца, але яна працавала заўсёды. У першым нумары «Новага Часу» мы пісалі пра больш як 50 судоў за акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі — супраць «паглыбленай інтэграцыі». Памятаеце пра такія? Яны збіралі ў лепшым выпадку тры-пяць тысяч чалавек — і гэта нам падавалася фенаменальным поспехам апазіцыі. Судзілі тыя ж суддзі, што і цяпер, Севярынец ужо тады быў асуджаны тры разы запар па 15 сутак.


Тады ж «тытульная апазіцыя» рыхтавалася ад прэзідэнцкіх выбараў. Было заяўлена пра правядзенне шырокіх праймерыз для вызначэння адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты. Патэнцыйныя кандыдаты пачалі сустракацца з выбаршчыкамі ў рэгіёнах. Але праймерыз, як гэта звычайна было з «аб’яднаннем апазіцыі», загразлі ў скандалах. Напачатку Ганна Канапацкая пакрыўдзілася, што яе «не ўзялі ў каманду», і нават заяўляла намер скардзіцца на ініцыятараў у пракуратуру. Потым улада скрэатывіла — і пачала накіроўваць на апазіцыйныя сустрэчы з выбаршчыкамі сваіх ідэолагаў, якія галасавалі, на думку некаторых, «не за таго» прэтэндэнта.


Сітуацыя атрымалася вельмі цікавай: з аднаго боку, з’яўленне на сустрэчах прадстаўнікоў выканкамаў сведчыла пра мажлівы выхад апазіцыі з так званага «апазіцыйнага гета». З іншага — некаторыя ўдзельнікі праймерыз заявілі, што такім чынам «фальсіфікуюцца» вынікі галасавання выбаршчыкаў, ужо самастойна замыкаючыся ў гэтым «апазіцыйным гета», надаючы ўмоўнае «права голасу» выключна носьбітам дэмакратычных каштоўнасцяў.
А потым прыйшоў каронавірус. Праз яго праймерыз і сканалі, бо прэтэндэнты ў прэзідэнты перасталі ездзіць па краіне і сустракацца з народам, каб не ствараць «ачагі заражэння». А некаторыя гарачыя галовы (з дэмакратычнага лагеру, між іншым!) нават заклікалі перанесці правядзенне прэзідэнцкіх выбараў да заканчэння эпідэміі.


Думаецца, цяпер Лукашэнка кусае локці, што не скарыстаўся гэтай парадай і не падоўжыў свае паўнамоцтвы «па патрабаванні нават апазіцыі».
Традыцыйныя масавыя акцыі ў Дзень Волі, 25 сакавіка, былі адмененыя праз «карону». Таксама быў адменены і «Чарнобыльскі шлях».
Што ў той сітуацыі цяпер бачыцца адметным — гэта стварэнне інтэрнэт-платформы па абранні «адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў» шляхам анлайн-галасавання. Гэткі правобраз платформы «Голас» і шматлікіх цяпер інтэрнэт-ініцыятыў.
І тым не менш, падавалася (яшчэ ўвесну гэтага года!), што нас чакаюць самыя звычайныя «сумныя і прадказальныя» выбары з самымі звычайнымі кандыдатамі: парачкай «дэмакратычных», парачкай «спойлераў» ды Лукашэнкам, які ўсіх традыцыйна пераможа.

Стрэлы ў нагу

Зразумела, на грамадства аказала моцнае ўздзеянне эпідэмія COVID-19. Дакладней, не сама хвароба, а стаўленне да яе з боку ўлады ў цэлым і Лукашэнкі асабіста. Такога цынічнага стаўлення да жыцця людзей мы проста не бачылі.
Спачатку ўлада ўвогуле адмаўляла эпідэмію. Лукашэнка казаў пра «каронапсіхоз», згадваў свіны і птушыны грып, абяцаў расказаць, «каму гэта выгадна» (дарэчы, так і не расказаў), і «не бачыў» вірусаў у лядовым палацы. А пра памерлых, што псавалі яго ўпэўненасць, выказаўся надзвычай абразліва — маўляў, самі вінаватыя, няма чаго было імунітэт сабе падрываць.


Нягледзячы на ўсе папярэднія эпідэміі — той жа згаданы Лукашэнкам птушыны грып, — высветлілася, што дзяржава, дзе «самая лепшая ў свеце» медыцына, нават мінімальна не гатовая да ўспышак захворванняў. У аптэках імгненна зніклі некаторыя лекі, аднаразовыя маскі, дый не толькі яны. Марля, вата, бінты — усё, з чаго можна было зрабіць сродкі індывідуальнай абароны (СІА), карысталася шалёным попытам. У той жа час лёгкая прамысловасць Беларусі не здолела тэрмінова перабудавацца і не наладзіла своечасовую вытворчасць тых жа масак. Тут і выявілася хіба планавай эканомікі: якія маскі, калі ў плане — пашыў нікому не патрэбных касцюмаў? У выніку ўсіх уразілі павязкі «Світанку», зробленыя, падавалася, наўпрост з майткоў.

tr2_9a12c421b00cd286859f9073f5ecb6a7a589a8c5.jpg


Затое грамадства адрэагавала належным чынам. Маскамі народ забяспечвалі прыватныя прадпрыемствы, а, напрыклад, швачная вытворчасць крамы symbal.by была наўпрост перабудаваная на іх выпуск. Створаная ініцыятыва BY_COVID пачала збор ахвяраванняў для дапамогі шпіталям ды паліклінікам і дабрачынныя пастаўкі апаратуры ды СІА дактарам. Але паколькі на самым вышэйшым узроўні «віруса не было», то дзікунства ўлады выявілася і ў забароне прымаць такую дапамогу.
А памятаеце скандал, калі медыкам «хуткай дапамогі» было забаронена атрымліваць бясплатныя абеды ад McDonalds: маўляў, гэта «хабар»?
Беларусь не ўвяла каранцінныя захады, краіна не зачыніла межы — і ў выніку ўсё роўна аказалася ізаляванай, бо межы зачынілі абсалютна ўсе краіны навокал нас. Дзяржава не змагла арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў — і за распрацоўку сістэм анлайн-адукацыі ўзяліся непасрэдна педагогі.


Лукашэнка ж усё не «заўважаў» вірусаў, вынікам чаго быў праведзены ў дакор, найперш, Расіі, парад 9 траўня. Лукашэнка спадзяваўся паказаць сябе больш круцейшым і «ненахіляемым» за Пуціна. А прадэманстраваў толькі ўласнае глупства ды адсутнасць адэкватнай рэакцыі на небяспеку.


Карацей, тады стала зусім зразумела, што Беларусь — гэта не «дзяржава для народа». Дзяржава проста кінула народ у крызіснай сітуацыі, нават мінімальна не выканаўшы тое, для чаго яна ўвогуле існуе, — забеспячэнне жыцця і здароўя грамадзян. Грамадзяне і пандэмія, па вялікім рахунку, засталіся сам-насам. Краіна і яе жыхары прайшлі «першую хвалю» каронавіруса не дзякуючы дапамозе дзяржавы, а, хутчэй насуперак ёй.Затое — здабылі проста каласальны досвед салідарнасці. Такой падтрымкі медыкаў, адзін аднаго, ахвяраванняў, да гэтага часу ў Беларусі не было.
Безумоўна, гэта не магло не адбіцца на настроях у грамадстве.

Выбары, выбары…

Пасля абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў на іх высунуліся аж 55 прэтэндэнтаў. Зарэгістраваныя былі 15. Але нават рэгістрацыі папярэднічаў суворы «адсеў». Найперш, ЦВК не зарэгістраваў больш за 30 так званых «прэтэндэнтаў пратэсту». Гэта была ініцыятыва Мікалая Статкевіча, які вылучаў кандыдатаў у прэзідэнты, каб яны маглі легальна праводзіць сустрэчы з людзьмі.
Блогеру Сяргею Ціханоўскаму, які, падаецца, таксама рэгістраваўся, каб мець магчымасць легальна сустракацца з народам, стварылі сітуацыю, у якой ён не мог падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Яго некалькі разоў каралі адміністрацыйным арыштам, і на момант падачы дакументаў ён знаходзіўся за кратамі. Тут мы ўпершыню пачулі пра Святлану Ціханоўскую, якая зарэгістравалася прэтэндэнткай на высокую дзяржаўную пасаду замест мужа.
Звыкла былі зарэгістраваныя «раз’яднаныя дэмакраты» з няўдалага праймерыз — Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў — і набліжаныя да гэтага лагеру Андрэй Дзмітрыеў ды Ганна Канапацкая. Былі і людзі, якія ішлі на выбары дзеля атрымання папулярнасці ды вырашэння сваіх мэтаў — такія, як лідар паган-метал гурта Znich Алесь Таболіч, прадпрымальніца Наталля Кісель, фермер Юрый Ганцэвіч. Прайшлі ў выбары «цёмныя коні» Бабарыка і Цапкала. Прычым, Бабарыка зрабіў сенсацыю — ён падаў найбольшую ў гісторыі Беларусі ініцыятыўную групу па сваім вылучэнні ў 8904 чалавекі. І ён першым даўмеўся збіраць ініцыятыўную групу праз Google-форму.
Найбуйнейшыя інтэрнэт-парталы Беларусі ўключылі галасаванне з пытаннем: «За каго б вы прагаласавалі на выбарах?» — і ў краіне раптам узнік мем «Саша 3%». Менавіта столькі працэнтаў галасоў Лукашэнка набіраў сярод інтэрнэт-карыстальнікаў. Улада забараніла гэтыя апытанні, тады з’явіліся іншыя варыянты, кшталту: «За што б вы прагаласавалі: дранікі, Worldof Tanks, трактар (памятаючы пра тое, што Лукашэнка прапаноўваў лячыць каронавірус трактарам)?». «Трактар» усё роўна набіраў 3%.

msy0tstxqs0_1024x614.jpg


Пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты выбухнулі незвычайнай актыўнасцю грамадзян. Беларусы выстройваліся ў велічэзныя — па некалькі тысячаў чалавек — чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, а сустрэчы з імі ператвараліся ў сапраўдныя мітынгі.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Але і тады эксперты яшчэ працягвалі казаць: большасць прэтэндэнтаў «адсеецца», бо яны не маюць структур, што сабралі б 100 тысячаў подпісаў. Маўляў, на гэта здольныя толькі палітычныя партыі, дый тое не паасобку, а ў кааліцыі. А відовішчныя чэргі, каб паставіць подпіс за «альтэрнатыўнага», — яшчэ не аргумент. Бо чэргі да «альтэрнатыўных» выстройваліся і ў 2010-м годзе, і ў 2015-м…
Тым не менш, гэтыя чэргі здолелі прарваць тую самую «спіраль маўчання» пра якую даўно казалі сацыёлагі. Менавіта тады беларусы пабачылі, што іх, незадаволеных 26-гадовым кіраваннем аднаго чалавека, багата. Іх шмат. І, можа быць, іх большасць. Адбыўся выбух у самаасэнсаванні, у масавай свядомасці.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Тады ж улада ўпершыню адчула, што нешта ідзе не так. Але адказваць ёй не было чым — толькі звыкла дзейнічала рэпрэсіўная машына. Цалкам легальныя пікеты па зборы подпісаў абвяшчаліся «несанкцыянаванымі мерапрыемствамі», Лукашэнка казаў пра «каруселі» на пікетах па зборы подпісаў, але свае пікеты не выстаўляў. І вось ужо Ярмошына напісала заяву ў Следчы камітэт, што Сяргей Ціханоўскі «скарыстаў збор подпісаў, накіраваўшы яго на змену ўлады». «Змена ўлады — гэта ж нармальна для выбараў?» — запыталіся ў яе журналісты. «Не, ненармальна. Выбары — гэта канстытуцыйны пераход улады, а не гвалтоўная змена», — сказала ў адказ Ярмошына.
Статкевіч, Севярынец і Ціханоўскі за цалкам дазволеныя пікеты трапілі за краты, прычым, па крымінальным артыкуле. Нібыта, яны рыхтавалі «масавыя беспарадкі». У Ціханоўскага следчыя з трэцяй спробы знайшлі за канапай 900 тысяч долараў — і беларусы сталі масава зазіраць за свае канапы.
Першы пікет па зборы подпісаў за Лукашэнку адбыўся толькі 5 чэрвеня. На той момант асноўныя прэтэндэнты ў прэзідэнты перасягнулі лічбу сабраных аўтографаў у 60 тысяч. 11 чэрвеня ў офіс «Белгазпрамбанка», якім кіраваў Бабарыка, прыйшлі людзі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў, 18 чэрвеня Бабарыка быў затрыманы. Лукашэнка сказаў, што Бабарыку трэба дапусціць да выбараў, каб «усе пабачылі, хто ён такі». І ў той жа час следчыя арыштавалі карціны сусветна вядомых беларускіх мастакоў, якія выкупляў «Белгазпрамбанк», каб вярнуць іх на радзіму.
У гэты ж час пад арышты трапілі практычна ўсе рэгіянальныя каардынатары штабу Святланы Ціханоўскай — яна сама ездзіла па рэгіёнах і здавала ў тэрытарыяльныя камісіі подпісы ў сваю падтрымку. Ёй паступіла тэлефанаванне з невядомага нумару з прапановай зняцца з выбарчай кампаніі і подпісы не здаваць, інакш яе пасадзяць, а яе дзяцей адбяруць і адправяць у дзіцячы дом. «Перада мною стаіць выбар: дзеці або далейшая барацьба, думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменнем паставіцца да любога майго рашэння», — кажа Святлана.
Тут гісторыя Беларусі магла збочыць у іншым напрамку. Але… Святлане з падтрымкай патэлефанавала жонка канкурэнта па выбарчай гонцы — Вераніка Цапкала. Астатнія штабы таксама не засталіся ўбаку і выказалі сваю салідарнасць. І Ціханоўская засталася ў кампаніі.

photo_2020_07_16_15_51_22_1.jpg


ЦВК не зарэгістраваў Віктара Бабарыку. У Валерыя Цапкалы са здадзеных у камісіі 160 тысяч подпісаў прызнаныя сапраўднымі менш за палову — 75 тысяч, затое дзіўным чынам «дадаліся» подпісы ў Чэрачаня і Канапацкай — каля 35 тысяч кожнаму. Улады па-ранейшаму не бачылі пагрозы ў настаўніцы англійскай мовы і «хатняй гаспадыні» — і зарэгістравалі Святлану Ціханоўскую кандыдатам у прэзідэнты.
А Мінск літаральна захлынаўся гудкамі аўтамабіляў, што сігналілі на ўсіх вуліцах, выказваючы пратэст нерэгістрацыі асноўных кандыдатаў.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Шчыра скажу: я не ведаю, хто да каго звярнуўся, як праходзілі перамовы і гэтак далей. Дый гэта і не важна цяпер. Важна тое, што аб’яднанне штабоў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай было відавочным крокам, — асабліва пасля таго, як Святлану Ціханоўскую падтрымалі ў самы цяжкі момант яе кампаніі. І менавіта гэтую відавочнасць улада проста праспала, зашораная тым, што «тытульная апазіцыя» ў такой сітуацыі ніколі не аб’ядноўвалася. Мажліва, тут спрацавала інерцыя мыслення: кшталту, «аб’яднання не было, няма чаго і пачынаць». А выбарчы штаб Ціханоўскай разгромлены — і сама яна агітацыйную кампанію не выцягне.
Аднак не ўлічылі ані тое, што цяпер на палітычным полі гуляла не «тытульная апазіцыя», ані адсутнасць у Святланы Ціханоўскай якіх-кольвек амбіцый, ані яе, Святланы, выключная дамаўляльнасць.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

У выніку на сцэну выйшлі «тры грацыі» — Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава.Пасля быў 60-тысячны мітынг гэтых неверагодных жанчын на Бангалоры, «белыя бранзалеты», стварэнне платформы «Голас», «ды-джэі пераменаў» і іншае, іншае, іншае. Тое, што мы памятаем. Нахабныя, нават не фальсіфікацыі — проста напісанне лічбаў Лукашэнку. Гвалт сілавікоў. Стотысячныя мітынгі неверагодных беларусаў і проста мора бел-чырвона-белых сцягоў у беларускай сталіцы.

Ці ўяўлялі мы?


Хіба мог хто-небудзь напачатку гэтага года ўявіць, што на вуліцах Мінска будзе збірацца па сто тысяч чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі? Хто-небудзь з тых, хто цяпер кажа, нібы пратэсты «здзімаюцца», мог у сакавіку 2020-га хаця б дапусціць, што ў сваіх дварах, на раёнах будуць збірацца хаця б «маленькія», па іх цяперашнім разуменні, шэсці ў тысячу чалавек? Ці хаця б нават трыста? Стотысячны мітынг падаваўся неверагоднай фантастыкай, а «лакальныя мітынгі» не ўзнікалі нават у самым аптымістычным уяўленні.

img_4845_2_logo_1.jpg


Падумайце пра адзін факт: калі «тытульная апазіцыя» апошнім разам ладзіла пікетаванне? Проста звычайны пікет з бел-чырвона-белымі сцягамі і колькасцю ў 10–15 удзельнікаў. У 2011-м, пасля выбараў–2010? У 2014-м, падчас Чэмпіянату свету па футболе? У 2015-м, таксама ў час выбараў? А цяпер, у час «садзьмутых пратэстаў» такія пікеты дзе-небудзь у раёнах узнікаюць штовечар.

img_4854_logo_1.jpg


Хто ў красавіку-траўні 2020 года думаў, што бел-чырвона-белыя сцягі будуць масава вывешвацца ў вокнах дамоў, на дахах будынкаў, у скверах ды парках — у самых нечаканых месцах? У каго з тых жа «ныцікаў» у той час у акне ці на гаўбцы вісеў сцяг? Былі, канешне, энтузіясты, якія вывешвалі іх на сваіх прыватных падворках, як Славамір Адамовіч у сваёй сядзібе, але гэта — выключэнні. А цяпер…

img_0379_2_logo_1.jpg

hroniki_cihaha_pratestu_27_kastrycznika__9__logo_1.jpg
photo_2020_11_24_22_50_18_logo_1.jpg


Так, нешта не атрымалася. Напрыклад, арганізаваць сапраўдны масавы нацыянальны страйк. Але яшчэ ў красавіку гэтага года нават сама магчымасць страйку і спыненне працы нейкага прадпрыемства разглядаліся як рамантычнае трызненне, якое не мае нічога агульнага з рэальнасцю.
Ці ўяўлялі мы нават напачатку лета 2020-га, што пенсіянеры выйдуць на мітынг не за Лукашэнку, а супраць яго — пад нацыянальнымі сімваламі? А АМАП будзе ваяваць з бабулямі і дзядулямі? Паўгода (усяго паўгода!) таму гэта таксама падавалася неверагоднай справай.
Таму, перш чым казаць пра тое, што «ўсё прапала», — азірніцеся назад. Проста паглядзіце, які шлях мы прайшлі толькі за адзін гэты год.

Якімі вы будзеце

Пасля 2020-га беларусы ўжо не будуць ранейшымі. Кажуць, што ў гэтым годзе ў нас адбылося фарміраванне нацыі. Магчыма, сапраўды так. І мы можам паглядзець, якой стане гэта нацыя.
Беларусы і беларускі будуць надзвычай стойкімі. Яны загартаваліся ў пандэмію. Яны выжылі не дзякуючы, а насуперак дзяржаве. І можна здагадацца, чаму так атрымалася. Чаму, нават заражаныя ў «кавідных бараках» Акрэсціна, Жодзіна ды Баранавічаў беларусы хварэюць, але не паміраюць.
Дактары даўно казалі, што сацыяльна актыўныя людзі, людзі, якім «няма калі хварэць», хварэюць радзей за так званых шараговых грамадзян, дэвізам якіх ёсць «мая хата з краю». Усе, хто выходзіць на мітынгі, хто вывешвае сцягі, хто стварае і развешвае ўлёткі, хто запісвае відэаролікі салідарнасці — усе гэтыя людзі маюць мацнейшы імунітэт. А значыць, нас чакае вельмі здаровая, стойкая і актыўная нацыя.
Беларусы і беларускі па-ранейшаму будуць цярплівымі, але настойлівымі. Цярплівымі не ў сэнсе таго, што яны стануць трываць несправядлівасць і гвалт, а ў сэнсе, што яны будуць ведаць: проста і хутка нічога не адбываецца. Для таго, каб дасягнуць мэты, трэба прыкласці намаганні і час. І, у залежнасці ад мэты, час і намаганні могуць быць розныя. Зрынанне рэжыму — гэта глабальная мэта, і 150 дзён пратэстаў — яшчэ не мяжа. Трэба «дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці», як казала Марыя Калеснікава. І ўсе гэта разумеюць. Таму: цярпенне і настойлівасць.
Беларусы і беларускі будуць салідарнымі і самаахвярнымі. Бо мы выходзім, ведаючы, чым нам гэта пагражае: суткі, нялюдскія ўмовы, штрафы, поўнае судовае сваволле. Але ўжо цяпер мы гатовыя заплаціць гэтую цану за тое, каб «людзьмі звацца». І мы ведаем, што нас не пакінуць сам-насам з нашаю бядою. Што заўсёды знойдуцца тыя, хто падтрымае нас і нашых родных — не толькі маральна. Што нас багата, і што мы разам.Беларусы і беларускі будуць нацыяй, якую немагчыма скарыць. Бо за 150 дзён нас не зламалі ані гумовыя дручкі, ані гумовыя кулі, ані святлашумавыя гранаты, ані здзекі і катаванні. Мы будзем нязломнымі — і зло нас не пераможа.
Вельмі хацелася б, каб беларусы і беларускі былі ўпартымі і дасягнулі ўрэшце пастаўленай мэты. І я веру, што так яно і будзе.
А яшчэ б хацелася, каб мы ўсё памяталі. Каб не слухалі ныцікаў, каб азіраліся назад і ўзнёсла ўздыхалі: «Ну нішто сабе, якія мы файныя і неверагодныя!» І ў той жа час, каб словы «не забудзем, не даруем» не засталіся проста словамі. Зло павінна быць не толькі пераможанае, але і пакаранае.
Для гэтага нам трэба не спыняцца і яшчэ багата чаго зрабіць. Насамрэч, барацьба толькі пачалася. Але я веру — мы здолеем.