Канец праймерыз?

Праз каронавірус і «фальсіфікацыі». Уяўны лідар апазіцыйнай перадвыбарчай гонкі, сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец вырашыў зняцца з працэдуры «праймерыз». Пра гэта ён сказаў пасля Рады штабу «Народнага галасавання».

3a6f2899_577a_485e_bccd_4bea514fa2ad_cx9_cy0_cw75_w1200_r1_s.jpg

«Сітуацыя, па-першае, па каранавірусу: я настойваў на Радзе, каб з сённяшняга дня спыняць паездкі і сустрэчы, але гэта не было падтрымана іншымі кандыдатамі», — сказаў палітык. Дзеля справядлівасці адзначым, што Рада «Народнага галасавання» вырашыла спыніць паездкі кандыдатаў у кандыдаты ў прэзідэнты ад 18 сакавіка і не збіраць людзей на сходы. Неўзабаве будзе запушчаны сайт для галасавання, але... Падаецца, Севярынца ў ім не будзе.

Другое, з-за чаго Севярынец прыпыніў гонку — паводзіны ўладаў. Варта адзначыць — могуць жа яны дзейнічаць крэатыўна, калі захочуць! Гэтую б энергію — ды ў мірных мэтах!

На сустрэчы апазіцыйных палітыкаў пачалі прыходзіць прадстаўнікі райвыканкамаў, БРСМ, дзяржаўных газет, чыноўнікі і іншыя людзі, пра якіх вядома, што яны далёка не дэмакраты. І яны таксама галасуюць за апазіцыйных прэтэндэнтаў у прэзідэнты!

«Калегі вырашылі, што гэта нармальна, што чыноўнікі ходзяць на праймерыз і галасуюць. У сувязі з гэтым свой далейшы ўдзел у праймерыз лічу немагчымым», — адрэагаваў Севярынец.

Але ж напачатку праймерыз яго арганізатары казалі, што менавіта для «ўцягвання ў працэдуру выбараў шырокіх колаў грамадства» яны і задумваліся! А апаненты праймерыз закідалі, што на сустрэчы будуць хадзіць толькі прыхільнікі дэмакратаў, і ўсё зноў ператворыцца ў «апазіцыйны міжсабойчык».

Як бачым, «апазіцыйнага міжсабойчыку» не адбылося, але гэта, чамусьці, і выклікала спрэчкі. Сапраўды, актыўны удзел чынавенства ў апазіцыйных мерапрыемствах — гэта нешта новае. Але пры гэтым нельга не ўлічваць: прадстаўнікі ўлады — такія ж выбаршчыкі, як і астатнія грамадзяне. Можа быць, яны і з’яўляюцца на праймерыз «па разнарадцы», аднак і ў тым жа БРСМ — людзі розныя. Нехта быў запісаны туды «для масоўкі», нехта пайшоў у надзеі зрабіць кар’еру, нехта проста падпісаў паперу і не ведае нават, што ён у БРСМ! Не будзем забывацца і на тое, што адзін з былых кіраўнікоў «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч таксама быў сябрам БРСМ, а потым спаліў сваё пасведчанне.

Дык што ж, не пускаць чыноўнікаў на праймерыз? Тады сапраўды будуць мець рацыю крытыкі працэдуры, і сустрэчы кандыдатаў у кандыдаты з народам нічым не будуць адрознівацца ад аналагічных «сустрэчаў з народам» Лукашэнкі, калі на гэтых мерапрыемствах ствараюць адмысловую «масоўку» з ідэолагаў і супрацоўнікаў службы бяспекі.

Палохацца чыноўнікаў, што ходзяць на праймерыз, не варта. Наадварот, трэба ўсяляк заахвочваць такую прысутнасць. Хаця б таму, што яны, чыноўнікі, пабачаць на гэтых мерапрыемствах альтэрнатыву дзейнаму рэжыму. Яны будуць абмяркоўваць праграмы, варыянты рэформаў, прапанаваных апазіцыяй — спачатку ў якасці «кур’ёзу» (маўляў, «нас туды паслалі, мы не самі»), а потым, мажліва, і ўсур’ёз.

Бо інакш апазіцыі яны проста не бачаць. Ім уліваюць у вушы, што гэта нейкі жудасны звер, кшталту «бандэраўцаў ва Украіне». А тут — цалкам прымальныя хлопцы і дзяўчаты… Можа быць, чыноўнікі даведаюцца проста пра тое, што з апазіцыяй можна мець справу і размаўляць, што гэта не баевікі і не вычварэнцы, а нармальныя грамадзяне сваёй краіны — толькі з іншымі поглядамі на яе развіццё. І што апазіцыя, насамрэч, не страшная.

Калі некаму не падабаюцца чыноўнікі на праймерыз, то не трэба выходзіць з працэдуры. Трэба зрабіць дзве рэчы.

Найперш, змусіць працаваць актыў палітычных партый і структур, што ўдзельнічаюць у праймерыз, «на месцах». Для іх праймерыз — таксама падрыхтоўка да ўдзелу ў выбарах, і яны таксама павінны працаваць з народам, запрашаць на сустрэчы як мага больш людзей, а не толькі рабіць абвесткі ў сацыяльных сетках паміж сяброў. Тады галасы чынавенства проста не будуць мець такой вагі, якая ім неабгрунтавана надаецца. Вось у Брэсце на сустрэчу прыйшло больш каля 130 чалавек — колькі з іх было чыноўнікаў? Ну, максімум дзясятак. Дык што, дзеля іх пазбавіць сустрэчы астатніх 120?

Дый можна таксама здзейсніць тое, што абвяшчалася публічна, што казалі арганізатары працэдуры «апазіцыйных выбараў» на прэс-канферэнцыі. А казалі яны, што людзі, якія прыйдуць на сустрэчы ў час праймерыз, будуць запісаныя як патэнцыйныя ўдзельнікі ініцыятыўнай групы адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі.

Трэба абвяшчаць гэта гучна і ўголас, і тады наўрад ці чыноўнікі наважацца пакінуць свае пашпартныя дадзеныя, каб атрымаць бюлетэнь для галасавання. Адна справа — зрываць такім чынам праймерыз, другая — быць запісаным у актыў супернікаў Аляксандра Лукашэнкі, атрымліваць на пошту рассылку Руху «За свабоду» і Партыі БНФ, а таксама запрашэнні на ўсе апазіцыйныя мерапрыемствы. Даказвай потым, што ты — не вярблюд!

І канешне ж, на галасаванні пад час сустрэчаў з выбаршчыкамі праймерыз не заканчваецца. Гэта толькі 30% галасоў па вызначэнні адзінага кандыдата. Будзе яшчэ і інтэрнэт-галасаванне, і Кангрэс дэмакратычных сілаў. І сыходзіць з дыстанцыі цяпер — зарана і недальнабачна.