Суд у Італіі: крадзеж ежы ад голаду — не злачынства
Крадзеж прадуктаў харчавання ў невялікіх колькасцях ад голаду не з'яўляецца злачынствам, пастанавіў Вярхоўны касацыйны суд Італіі.
Такім чынам суддзі адмянілі прысуд у дачыненні да Рамана Астракова — бяздомнага мужчыны ўкраінскага паходжання, які скраў сыр і сасіскі на суму 4 еўра з супермаркета, паведамляе ВВС.
На думку суда, гаротнік скраў ежу "ад голаду, перад тварам неадкладнай і няўхільнай патрэбы здабыць ежу". Такім чынам, гэта не было злачынствам.
"Не падлягае пакаранню той, хто, ад голаду, крадзе маленькую колькасць ежы, каб задаволіць жыццёва важную патрэбу", — пастанавіў суд.
Інцыдэнт адбыўся ў Генуі ў 2011 годзе. Іншы пакупнік паведаміў ахоўніку супермаркета, што Раман Астракоў спрабаваў выйсці з крамы з сырам і сасіскамі ў кішэні, аплаціўшы толькі хлебныя палачкі.
У 2015 годзе Рамана Астракова прызналі вінаватым у крадзяжы і прысудзілі да шасці месяцаў турмы і штрафу ў 100 еўра, аднак яго адвакат абскардзіў прысуд, паколькі бяздомнага злавілі з доказамі злачынства яшчэ да таго, як ён пакінуў краму.