Савет Еўропы: у Расіі занадта шмат пракурораў і мала адвакатаў
У Расіі адзін з самых высокіх паказчыкаў па колькасці пракурораў на 100 тысяч жыхароў — 23,5 супраць 11,2 у сярэднім па Еўропе — і адзін з самых нізкіх па колькасці адвакатаў сярод краін Савета Еўропы.
Пра гэта сведчаць дадзеныя дакладу аб судовых сістэмах еўрапейскіх дзяржаў, апублікаваны Саветам Еўропы, паведамляюць “Адкрытыя медыя”.
Даследаванне ахоплівае 45 краін — чальцоў Савета Еўропы і краін, якія далучыліся да даследавання — Ізраіль, Марока і Казахстан. У ім збіраюцца дадзеныя за 2018 год.
Паводле даследавання, у Расіі на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 15,1 прафесійных суддзяў — гэта менш медыяльнага паказчыка па Еўропе (17,7), прыкметна менш, чым у Германіі (24,4) і краінах Прыбалтыкі — Латвіі (29,1) і Літве (27,1). Затое больш, чым у Казахстане (13,2) і Украіне (12,8).
А вось пракурораў у Расеі больш, чым у іншых краінах — 23,5 на 100 тысяч насельніцтва.
Горш за ўсё ідуць справы з абаронай: на 100 тысяч расіян прыходзіцца ўсяго 55 адвакатаў — гэта ў два з лішнім разы менш медыяльнага значэння па Еўропе (123 адваката на 100 тысяч насельніцтва).
Больш за ўсё адвакатаў на 100 тысяч насельніцтва сярод краін-удзельніц даследавання — у Ізраілі (715), а менш за ўсё — у Азербайджане (15,7).
Па словах кіраўніка калегіі адвакатаў "Закон і чалавек" Уладзіміра Жарабянкова, малая колькасць адвакатаў у Расіі выкліканая адразу некалькімі фактарамі: нізкай прававой культурай у параўнанні з краінамі Еўропы, недаверам грамадзян да судоў і "адсутнасцю правасуддзя" — калі суды карумпаваныя або прымаюць рашэнні пад ціскам.
"Калі ў Еўропе прынята патэлефанаваць спецыялісту і вырашыць праз яго ўсе пытанні, то ў нас спрабуюць альбо неяк самі, альбо нейкім чынам "знайсці паразуменне". Адсюль і недавер да судоў — прасцей вырашыць пытанне подкупам, чым ісці ў суд, каб дамагчыся справядлівасці. Менш людзей звяртаецца — адпаведна, менш запатрабаваная і праца адвакатаў", — мяркуе Жарабянкоў. Большая, чым у сярэднім па Еўропе, колькасць пракурораў таксама з'яўляецца адлюстраваннем «перакосу ў бок чыноўнікаў» у прававой сістэме Расіі, упэўнены адвакат: «У нас, на жаль, абарона правоў грамадзян — другасная. Не любіць дзяржава, калі інтарэсы грамадзян абараняюць высокапрафесійныя юрысты. А вось абараняць сябе — вядома, [для гэтага трэба] пабольш пракурораў".
Паводле openmedia.io