Ірландыя адзіная і непадзельная

Аб’яднанне Ірландыі, на думку экспертаў, зараз блізкае, як ніколі. Усё дзякуючы крызісу.

Ідэя партыі «Шын Фейн» па­чаць у разгар эканамічнай рэцэсіі кампанію і дэбаты за аб’яднанне Ірландыі выглядала звонку абсалютна вар’яцкай. Праз 15 гадоў пасля падпісання мірнай дамовы паміж каталіцкай і пратэстанцкай камунамі ірландцы толькі зараз, прычым асцярожна, пачалі ўваходзіць у структуры ўлады.



2d3acd3e240c61820625fff66a19938f.jpg

Аб’яднанне Ірландыі, на думку экспертаў, зараз блізкае, як ніколі. Усё дзякуючы крызісу.
Ідэя партыі «Шын Фейн» па­чаць у разгар эканамічнай рэцэсіі кампанію і дэбаты за аб’яднанне Ірландыі выглядала звонку абсалютна вар’яцкай. Праз 15 гадоў пасля падпісання мірнай дамовы паміж каталіцкай і пратэстанцкай камунамі ірландцы толькі зараз, прычым асцярожна, пачалі ўваходзіць у структуры ўлады.
12 красавіка пачнецца працэс перадачы ўсёй улады над паліцыяй і юрыдычнай сістэмай у падпарадкаванне Белфасту. Рэформа азначае карэнныя змены: брытанскія войскі пакінуць край, каталікі ўпершыню атрымаюць права служыць у паліцыі, сілавых структурах. Дагэтуль існавала нефармальнае правіла, адпаведна якому абаронцам правапарадку мог быць выключна пратэстант.
На фоне паступовых зменаў казаць пра аб’яднанне Ірландыі, здаецца, вельмі смела. Такі падыход можа выклікаць насцярогу сярод пратэстанцкіх партый, якія фармуюць кааліцыю з «Шын Фейн». Тым больш, што пратэстанты ўжо неаднаразова з розных прычын выходзілі з кааліцыі з рэспубліканцамі, выклікаючы чарговы ўрадавы крызіс і прымушаючы Лондан зноў уводзіць прамое кіраванне ў Ольстэры.
Самі ініцыятары кампаніі за адзінства Ірландыі кажуць, што для іх вельмі важна акцэнтаваць увагу на тым, што грамадзянскія свабоды і правы для каталікоў у Паўночнай Ірландыі — гэта не самамэта. Канчатковая мэта рэспубліканскага руху — аб’яднанне Ірландыі.
Гэта задача, нягледзячы на яе, здавалася, ілюзорнасць, ніколі не ставілася пад сумнеў. Як адзначыў старшыня «Шын Фейн» Джэры Адамс на адным з нядаўніх мітынгаў рэспубліканцаў, мірнае пагадненне, якое было заключана 15 гадоў таму, «гэта толькі важная падзея, аднак не ўрэгуляванне. Падставы канфлікту захоўваюцца дасюль».
Раскол Ірландыі, нагадаем, адбыўся ў 1921 годзе, калі ў адказ на абвяшчэнне ў Дубліне ірландскай дзяржавы ў Белфасце паўсталі пратэстанты і абвясцілі пра сваю незалежнасць.
З тых часоў сама тэма аб’яднання Ірландыі была табу ў колах аранжыстаў (іншая назва сяброў пратэстанцкай грамады). Аднак зараз самыя артадаксальныя пратэстанты гатовыя забыцца на свае догмы. Прычына — эканоміка.
На момант сепарацыі Поўдня і Поўначы эканамічна развіты Белфаст даваў фору Дубліну. Сярэдні ўзровень жыцця тут быў прыкладна такі, як у Англіі, і не параўнальна больш высокі, чым на аграрным Поўдні. Цяпер прыбыткі англійскага рабочага ў сярэднім прыблізна на траціну большыя, чым у яго калегі ў Паўночнай Ірландыі.
Нават з улікам таго, што Ірландыя ахопленая крызісам, сітуацыя тут значна лепшая. У сярэднім штотыдзень ірландзец зарабляе 594 еўра. У той час як на поўначы краю сярэдні заробак складае 389 еўра (у Вялікабрытаніі — 442 еўра). Адсюль лепшае фінансаванне сацыяльнай сістэмы, аховы здароўя і г.д.
Не дзіўна, што на Поўначы пачынаюць зайздросціць Поўдню. Лёд пачаў рушыцца яшчэ ў 1990-я гады, калі ўвесь свет стаў казаць пра так званага «кельцкага тыгра» — так называлі феномен эканамічнага цуду ў Ірландыі ў 1990-х. У той час, як Ірландыя квітнела, Ольстэр пажыраў плады ліберальнай рэвалюцыі Маргарэт Тэтчэр — разбурэнне мясцовай прамысловасці.
Пасля таго, як падчас цяперашняга крызісу фунт стэрлінгаў пачаў зніжацца адносна еўра, перавага стала яшчэ больш відавочнай. На поўнач пацягнуліся караваны ірландцаў, якія пачалі змятаць усё на паліцах супермаркетаў. На зайздрасць тутэйшым.
Як адзначае Майкл Бурк, адзін з гуру эканамічных аналітыкаў лонданскага Сіці, «ніколі ў гісторыі ідэя аднаўлення адзінства Ірландыі не карысталася такой масавай падтрымкай».
У пачатку сакавіка ў Лондане адбылася канферэнцыя, прысвечаная перспектывам аб’яднання Ірландыі. У ёй упершыню прынялі ўдзел сябры Дэмакратычнай партыі юніяністаў — вядучай аранжысцкай партыі. Падчас выступлення згаданы вышэй Джэры Адамс заявіў, што адзінства Ірландыі ляжыць у галіне агульных сацыяльна-эканамічных інтарэсаў пратэстанцкай і каталіцкай камунаў Паўночнай Ірландыі.
Гэта абсалютна новы для рэспубліканцаў тэзіс. Раней тэарэтыкі «Шын Фейн» лічылі, што аб’яднанне звязана з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі. У каталіцкіх шлюбах, як правіла, нараджаецца больш дзяцей, чым у пратэстанцкіх. Адсюль у свой час узнікла папулярная сярод рэспубліканцаў канцэпцыя пра тое, што праз нейкі час каталіцкіх выбаршчыкаў будзе больш за пратэстанцкіх. Адпаведна, ірландцы змогуць атрымаць большасць у прадстаўнічых інстытутах. Яны і прагаласуюць за аб’яднанне з Ірландыяй. Вылічылі нават год вялікага дэмаграфічнага пералому — 2030-ы. Аднак, аказваецца, усё можа адбыцца значна раней.
Галоўны фактар — эканамічныя інтарэсы. Менавіта яны, цытуючы таго ж Адамса, «штодня дапамагаюць прадстаўнікам розных канфесій Поўначы зразумець, што яны адзіны народ».
У глабальнай эканоміцы ХХІ стагоддзя ірландскае адзінства набывае сапраўды іншае вымярэнне, чым гэта было ў 1960–1970-я гады. Ірландыя становіцца моцным эканамічным гульцом еўрапейскага маштабу. Аднак узнікае пытанне — ці зацікаўлены туманны Альбіён у з’яўленні па суседству з ім моцнага эканамічнага канкурэнта, якім, відавочна, стане адзіная Ірландыя? Пакуль, адпаведна тым жа мірным дамовам 15-гадовай даўніны, Паўночная Ірландыя застаецца часткай Вялікабрытаніі.