Расія працягвае сцягваць войскі да дзяржаўнай мяжы Украіны

Расійская Федэрацыя працягвае сцягваць войскі да дзяржаўнай мяжы Украіны.



rachete_buk_44219300_670x377.jpg

Фота romaniatv.net

Вядома, што два падраздзяленні ваенных сіл знаходзяцца ў памежных з Украінай раёнах Растоўскай і Белгарадскай абласцей. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Таксама зафіксаваны рух калоны каля 30 танкаў на ўчастку Бранскай вобласці паблізу мяжы з Украінай і групоўкі бронетэхнікі паблізу населенага пункта Навашахцінск Растоўскай вобласці.

Як паведаміў прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка, Расія працягвае пастаўку цяжкай баявой тэхнікі і іншых відаў узбраенняў тэрарыстам на тэрыторыю Украіны.

Не звяртаючы ўвагу на збіццё “Боінга-777” малайзійскіх авіяліній, Расія працягвае пастаўляць цяжкую ваенную тэхніку і розныя віды зброі тэрарыстам на тэрыторыю Украіны. Так, Расіяй былі перапраўлены 4 танкі, 3 баявыя машыны пяхоты, 3 устаноўкі “Град”, 4 БТР-ы і некалькі бартавых аўтамабіляў “Урал” з боепрыпасамі.

Нагадаем, амерыканскія службовыя асобы падазраюць, што Расія выдзеліла баевікам некалькі сістэм супрацьпаветранай абароны, даставіўшы іх „кантрабандай” ва ўсходнюю Украіну, як і іншае ваеннае абсталяванне, у прыватнасці, танкі. Расія працягвае адмаўляць свой удзел у канфлікце ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя