Расія заявіла пра абстрэл брытанскага эсмінца каля Крыма. Лондан абстрэлу не заўважыў

Расіяне заявілі аб адкрыцці агню па вайсковым караблі Вялікабрытаніі паблізу мяжы з акупаваным РФ Крымам. У Мінабароны Вялікабрытаніі адказалі, што ніякага абстрэлу іх эсмінца расіянамі не было.

HMS Defender 

HMS Defender 


Як перадалі расійскія СМІ, памежныя вартавыя караблі Расіі адкрылі папераджальную стральбу па брытанскім эсмінцы «Defender», які нібыта парушыў «межы Расіі», праплываючы ля берагоў Крыма. Неўзабаве СМІ дадалі, што эсмінец нібыта на 3 кіламетры зайшоў у «тэрытарыяльныя воды Расіі», піша УНІАН.

ТАСС удакладняе, што агонь адкрылі ў 12:06 і 12:08. У Мінабароны РФ сцвярджаюць, што брытанцаў папярэдзілі аб ужыванні зброі ў выпадку «парушэння дзяржаўнай мяжы РФ».

«На папярэджанне не адрэагаваў», — кажуць расіяне. Нібыта быў накіраваны бамбавік Су-24М — у 12:19 ён кінуў чатыры аскепкава-фугасныя бомбы для прыпынення «парушэння расійскай дзяржаўнай мяжы ў Чорным моры».

У сувязі з інцыдэнтам Мінабароны РФ выклікала вайсковага аташэ Брытаніі.

У той жа час у Мінабароны Брытаніі адказалі, што ніякага абстрэлу іх эсмінца расійцамі не было. «Карабель ВМС Брытаніі ажыццяўляў мірны праход праз тэрытарыяльныя воды Украіны ў адпаведнасці з міжнародным правам», — гаворыцца ў адказе ведамства ў Twitter.

1624451317_6424.jpg


Брытанскі HMS Defender удзельнічаў у некалькіх аперацыях на Блізкім Усходзе, у прыватнасці ,у складзе супрацьпаветранай абароны ваенна-паветраных сіл ЗША падчас аперацыі супраць ІДІЛ у 2014 годзе.

28 чэрвеня ў Чорным моры павінны пачацца сумесныя ўкраінска-амерыканскія вайсковыя вучэнні Sea Breeze. У Мінабароны Украіны заявілі раней, што яны стануць найбуйнейшымі з 1997 года з удзелам 31 краіны.

Напярэдадні Масква заклікала Вашынгтон адмовіцца ад вучэнняў у Чорным моры, таму што яны нібыта «заахвочваюць мілітарысцкія настроі ў Кіеве».

Расія акупавала ўкраінскі Крым у 2014 годзе, правёўшы на паўвостраве фіктыўны рэферэндум аб далучэнні да РФ. З тых часоў расіяне перакінулі на акупаваную тэрыторыю ваенную тэхніку і вайскоўцаў і пастаянна блакуюць суднаходства ў Чорным моры. Краіны свету не прызнаюць Крым расійскім.