Пуцін лічыць, што расійская эканоміка прайшла пік крызісу

Расійская эканоміка прайшла пік крызісу, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на штогадовай прэс-канферэнцыі.



putin3.jpg

«Статыстыка паказвае, што расійская эканоміка крызіс у цэлым прайшла, пік крызісу», — сказаў ён, адзначыўшы, што з другога квартала бягучага года «назіраюцца прыкметы стабілізацыі дзелавой актыўнасці».

У 2016 годзе ўрад чакае, па словах Пуціна, росту эканомікі на ўзроўні 0,7%.

Падзенне ВУП, на ягоную думку, прыпынілася. З мая пачала расці прамысловасць. Пуцін адзначыў і пазітыўную дынаміку сельскай гаспадаркі.

З пачатку мінулага тыдня пачаўся новы перыяд падзення коштаў на нафту, якія аселі ніжэй за $38 за барэль. Гэта прывяло да паслаблення рубля да долара і еўра. Афіцыйны курс долара ў аўторак ўсталяваў гістарычны рэкорд.

У 2015 годзе рэцэсія ў эканоміцы Расіі працягваецца. Міністр эканамічнага развіцця Аляксей Улюкаеў заявіў, што спад у гэтым годзе можа скласці 3,7%, раней ведамства прагназавала спад у 3,9%.

Многія эксперты, у тым ліку МВФ, прагназуюць, што расійскі ВУП працягне скарачацца і ў наступным годзе.

ВВС