Пуцін стварае ў Расіі свой БРСМ

Уладзімір Пуцін заявіў, што падтрымлівае ініцыятыву аб стварэнні адзінага расійскага дзіцячага і моладзевага руху «Вялікая перамена».

29_image_11.jpg


«Хачу сказаць, што падтрымліваю вашу ініцыятыву аб адзіным дзіцячым руху. Тут галоўная задача — стварыць роўнае, даступнае, цікавае асяроддзе для развіцця, для самарэалізацыі па самых розных напрамках, але як гэта будзе ўладкавана, вырашаць менавіта вам. Ваша меркаванне, вашы прапановы маюць ключавое значэнне», — сказаў Пуцін

Законапраект аб расійскім руху дзяцей і моладзі «Вялікая перамена» адзінаросы ўнеслі ў Дзярждуму 19 траўня, у дзень стагоддзя піянерскага руху, нагадвае АФН.

Сцвярджаецца, што сяброўства ў руху не будзе абавязковым, пры гэтым плануецца, што ячэйкі руху з'явяцца і ў школах, і ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Рух будзе добраахвотным, уступіць у яго змогуць школьнікі ва ўзросце ад шасці гадоў. Настаўнікамі-важатымі будуць паўналетнія расійцы. У працы руху не змогуць удзельнічаць «замежныя агенты». Асноўнае адрозненне руху ад піянерыі будзе заключацца ў тым, што рух не будзе прывязаны да адной палітычнай партыі.

Прыкладна гэтак жа, як да партыі не прывязаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ), сяброўства ў якім таксама фармальна добраахвотнае, і тым не менш, яго ячэйкі ёсць ва ўсіх навучальных установах (і не толькі).