Прэзідэнт Польшчы ў Мексіку з візітам ляцеў рэйсавым самалётам

Палёт з Анджэем Дудам выкарысталі пасажыры і рабілі з польскім лідарам сэлфі.

 Анджэй Дуда (злева) у рэйсавым самалёце падчас палёту ў Мексыку з афіцыйным візітам. Фота: Twitter

 Анджэй Дуда (злева) у рэйсавым самалёце падчас палёту ў Мексыку з афіцыйным візітам. Фота: Twitter

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда знаходзіцца з афіцыйным візітам у Мексіцы. Увага да паездкі польскага лідара з боку мексіканцаў узрасла пасля публікацыі здымка мясцовымі СМІ. Яны звярнулі ўвагу на тое, што прэзідэнт Дуда дабіраўся ў Мехіка рэйсавымі самалётамі, прычым "на перакладных" — з перасадкай у Франкфурце.

Толькі цягам аднаго дня фотаздымак «лайкнулі» 17 тысяч чалавек, пад ім з’явіліся сотні каментараў. «Я хацеў бы ўбачыць, як наш Пэнья (Энрыке Пэнья Ньета — прэзідэнт Мексікі — рэд.) ляціць рэйсавым самалётам», «у нас нават сабака палітыка ляціць урадавым самалётам», — гэта толькі некаторыя са шматлікіх каментараў чытачоў.

Многія пісалі таксама пра сціпласць польскага прэзідэнта.

Здымак у сетцы Twitter апублікаваў паляк Адам Янкоўскі, які разам з прэзідэнтам Дудам ляцеў з Варшавы ў Франкфурт і які зрабіў сэлфі з польскім лідарам.

Папярэдні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі таксама лётаў рэйсавымі самалётамі, для прыкладу, на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН альбо з візітамі ў ЗША.

Заморскі візіт Анджэя Дуды рэйсавым самалётам часткова з’яўляецца прымусовым, паколькі Польшча не мае ўрадавых самалётаў для палётаў вялікай працягласці.

У канцы сакавіка Польшча падпісала з канцэрнам Boeing кантракт на пастаўку адміністрацыйных самалётаў. Першы лайнер будзе пастаўлены ў лістападзе 2017 года, два іншыя — восенню 2020-га.

 www.radyjo.net