Польшча. 60-я гадавіна пратэстаў рабочых у Познані
Страйк працоўных пераўтварыўся ў 100-тысячную дэманстрацыю і масавыя закалоты. Рабочыя разграмілі будынак гарадскога камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі, штурмам узялі турму, вызвалілі палітычных вязняў.
28 чэрвеня 1956 года распачалося Познаньскае паўстанне — першае сярод выступаў супраць камуністычнай польскай улады. Спачатку акцыя рабочых, што сабраліся ў цэнтры Познані, праходзіла мірна і арганізавана. Аднак затым падзеі выйшлі з-пад кантролю, і ў цэнтры горада пачаліся сутычкі паміж супрацоўнікамі сілавых ведамстваў і дэманстрантамі ды масавыя беспарадкі.
Рабочыя разграмілі будынак гарадскога камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі, штурмам узялі турму, вызвалілі палітычных вязняў. У канфлікце загінула, паводле розных звестак, ад 57 да 74 чалавек, сярод іх — трынаццацігадовы хлопчык Ромек Стшалковскі, было паранена каля 500 асобаў (у тым ліку ваенных і праваахоўнікаў).
Сёння цягам дня запланаваны шэраг мерапрыемстваў, якія ўшануюць ахвяр чэрвеня 1956 года ў Познані.
Урачыстасці распачаліся а 6 раніцы. Прадстаўнікі ўлад, прафсаюзаў, арганізацыі ветэранаў і харцэраў усклалі кветкі пад памятнай шыльдай на браме Чыгуначнага заводу. Менавіта там 60 гадоў таму распачаўся страйк працоўных, які пасля пераўтварыўся ў 100-тысячную дэманстрацыю, паведамляе "Польскае Радыё".
У другой палове дня распачнуцца мерапрыемствы з удзелам прэзідэнтаў Польшчы і Венгрыі. Кульмінацыяй стане памятнае мерапрыемства на плошчы Міцкевіча. Там у чэрвені 1956 года сабраліся дзясяткі тысяч познаньцаў.
Лідар прафсаюзу «Салідарнасць» Чыгуначнага заводу Анджэй Ясіньскі казаў, што 60 гадоў таму познаньцы сталі ў абарону асноўных каштоўнасцяў. «Працаўнікі познаньскіх заводаў і жыхары гораду, стаміўшыся ад прыніжэнняў, паднялі галовы і ў вулічным пратэсце распачалі змаганне за свабоду, годную працу і павагу да законаў».