Як у Беларусі стварыць сімвал прымірэння
Краіны Старога свету дасюль намагаюцца канчаткова загаіць раны, якія нанесла Другая сусветная вайна. На Захадзе гэтыя працэсы паспяхова пройдзеныя і завяршаюцца, а Беларусь час ад часу яшчэ стварае барыкады.
Зразумела, што наша краіна падчас вялікай вайны пацярпела шмат. Фронт рухаўся праз нас два разы — на Маскву, потым назад. Была акупацыя, знішчаны кожны трэці беларус. Аднак іншыя краіны, якія таксама пацярпелі ад гітлераўцаў, ужо прайшлі этап узаемнага прабачэння. Асабліва паказальны прыклад польска-нямецкіх адносін.
«Прабачаем і просім прабачэння»
Згодна з пасляваеннымі дамовамі, былы Трэці Рэйх быў вымушаны аддаць пераможцам вялікія кавалкі сваёй тэрыторыі. Да Польшчы адышлі цяперашні Гданьск і багатая на зямельныя выкапні Ніжняя Сілезія з Брэслаў, за якім зараз стала замацавалася назва Вроцлаў.
На былыя нямецкія землі паехала шмат народу: і палякі з усходу, і беларусы, і ўкраінцы. Ніжняя Сілезія ў складзе сацыялістычнай Польшчы прываблівала больш, чым СССР. Але немцы і палякі так і не знайшлі паразумення па пасляваеннай мяжы, і новыя жыхары вроцлаўскага краю доўгія гады чакалі, што старыя гаспадары ў любы момант могуць «папрасіць» іх з абжытага дома. Па гэтай прычыне людзі дзесяцігоддзямі нават не рабілі рамонтаў — а раптам заўтра з’язджаць?
Урэшце такога не адбылося — немцы пераасэнсавалі сваю ролю ў гісторыі XX стагоддзя, папрасілі прабачэння ў народаў Еўропы і змірыліся з тым, што згубілі вялікія кавалкі сваіх гістарычных земляў. Але, што дзіўна, першымі руку прабачэння падалі якраз не немцы, а, наадварот, пацярпелы народ — палякі. 18 лістапада 1965 года польскія епіскапы напісалі ліст сваім нямецкім калегам. «Сапраўднае хрысціянства не можа зжыцца з сітуацыяй, калі хрысціяне суседніх краін знаходзяцца ў канфлікце», — было напісана там. У пасланні, якое падпісалі кіраўнікі польскага касцёла, у тым ліку і будучы папа Ян Павел ІІ, узгадаваліся цёмныя і светлыя бакі сумеснай гісторыі. Было сказана і пра пасляваенныя нягоды немцаў, якія вымушана пакідалі сталыя месцы жыхарства. Заканчваўся ліст словамі: «Прабачаем і просім прабачэння». Праз месяц епіскапы ФРГ і ГДР адказалі на заклік сваіх польскіх калег.
У разгар халоднай вайны ўлады камуністычнай Польшчы негатыўна ацанілі гэтую ініцыятыву. Але слова было сказана.
Чаму Вроцлаў?
Гэты горад не выпадкова стаў кропкай пачатку польска-нямецкага прымірэння. Ідэі мірнага суіснавання Польшчы і Германіі закладаліся ў ваколіцах Вроцлава ўжо падчас панавання Гітлера. Цэнтрам іх фармавання стала невялічкая вёска, якая да гэтага часу носіць падвойную назву — Кшыжова/Крэйзаў.
Менавіта тут напачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя на сядзібе, якая належала роду фон Мольтке, дзейнічаў антыгітлераўскі гурток. Гісторыкі называюць яго гуртком Крэйзаў — па месцы знаходжання. Кіраваў ім юрыст Хельмут фон Мольтке, цёзка свайго знакамітага родзіча, генерала фон Мольтке, якога нароўні з Бісмаркам лічаць заснавальнікам Германскай імперыі.
Гісторыя ідэй Крэйзаў бярэ пачатак яшчэ ў 1939 годзе, калі Хельмут фон Мольтке і яго сябар Петэр фон Варцэнбург арганізавалі дыскусійны гурток, у якім абмяркоўвалі, як зберагчы Еўропу ад рэжымаў, падобных на нацысцкі. Мольтке і іншыя ўдзельнікі лічылі, што нацызм — часовая з’ява, якая стала вынікам заняпаду хрысціянскіх каштоўнасцей і ростам матэрыялізму і індывідуалізму. На іх думку, нацызм быў крайняй формай гэтай тэндэнцыі, і пасля яго знікнення для чалавецтва павінна адкрыцца новая эпоха.
Таму апазіцыю нацыянал-сацыялізму Мольтке лічыў маральным абавязкам чалавека. Сябры гуртка бачылі паразу Германіі ў Другой сусветнай вайне непазбежнай, і таму збольшага абмяркоўвалі будучыню краіны пасля краху Трэцяга рэйха. Аднак Хельмут фон Мольтке і некаторыя сябры гуртка не дажылі да канца вайны: у студзені 1944 года яны былі арыштаваныя і расстраляныя. Але ідэі Крэйзаў засталіся жыць, каб у пасляваенны час адгукнуцца ў сэрцы епіскапаў.
Місія фон Мольтке на гэтым не скончылася. Яшчэ адна сімвалічная падзея сусветнага маштабу адбылася на сядзібе Кшыжова/Крэйзаў праз тры дні пасля разбурэння Берлінскага муру. 12 лістапада 1989 года прэм’ер-міністр Польшчы Тадэвуш Мазавецкі і канцлер Германіі Гельмут Коль правялі ў гэтым месцы сумесную імшу. Імша стала ключавой цаглінай прымірэння, пасля якой, дарэчы, і была праведзена канчатковая мяжа паміж дзвюма краінамі.
Былы міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Малгажата Аміланоўская ацэньвае гэтую падзею так: сярод шматлікіх важных палітычных з’яў канца 80-х гадоў дасягнуў сваёй кульмінацыі цяжкі працэс польска-нямецкага яднання. Пасля вайны працэс ішоў марудна, стамляльна для абодвух бакоў. Шмат каму было ўвогуле не зразумела, нашто ён патрэбны, бо ў дыялогу бралі ўдзел знявечаныя вайной людзі. Варожасць і нянавісць былі натуральнымі для іх мыслення. Таму сімвалічнае спатканне прэм’ера Польшчы і канцлера Германіі на былой нямецкай зямлі, дзе нарадзілася новае дэмакратычнае бачанне Германіі, дало пачатак сапраўднаму сяброўству двух народаў.
Разбурэнне Берлінскага муру падарыла немцам і палякам новы шанец, які быў скарыстаны найлепшым чынам.
Айчынны сімвал прымірэння
Пэўна, у Беларусі няпроста знайсці такое месца, якое адначасова было б звязана і з антыгітлераўскай барацьбой, і з распрацоўкай дэмакратычнага шляху. Але ў нас ёсць ключавыя помнікі, дзе ўвасоблена трагічная гісторыя Еўропы. Хаця сённяшні беларус глядзіць на гісторыю такіх месцаў праз савецкую гуманітарную оптыку.
Найперш, Брэсцкая крэпасць. У амаль 200-гадовай яе гісторыі хапае розных падзей, але мэтай комплексу было ўвасабленне савецкага гераізму. У пачатку 2000-х гэты трэнд захоўваўся, але ўжо з акцэнтам на моц Беларусі. Зараз прыйшоў час, калі праца па асэнсаванні і даследаванні падзей Другой сусветнай вайны і месца крэпасці выбудоўвае аб’ёмны светапогляд.
«Улетку 2014 года, дзякуючы супрацоўнікам мемарыяльнага комплексу, была створана новая экспазіцыя: «Музей вайны — тэрыторыя міру», — распавядае «Новаму часу» Аліна Дзеравянка, намеснік дырэктара па праектах Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці. — Сучасная экспазіцыя з выкарыстаннем мультымедыя-сродкаў закранае такія тэмы: «Напярэдадні», «Бітва», «Выпрабаванне», «Прызнанне», «Рэха вайны», «Спадчына», «Дарогі памяці».
Па назвах бачна, што выкарыстоўваецца новы падыход: у цэнтры ўвагі — персанальныя гісторыі і выпрабаванні. У экспазіцыі закранаецца і тэма палону — раней такога не было. Можна сказаць, што музей па-іншаму акцэнтуе ўвагу: з гераізму на трагічнасць і пакуты вайны. Дарэчы, не так даўно выйшаў зборнік матэрыялаў «Брэст. Лета 1941 года. Дакументы. Матэрыялы. Фотаздымкі». Зборнік — вынік сумеснай працы брэсцкіх і лейпцыгскіх гісторыкаў. Усё гэта кажа пра тое, што пачалася праца над агульным гістарычным падыходам па тэме вайны».
Ёсць спадзяванне, што Брэсцкая крэпасць, дый увогуле Брэст як гістарычны і памежны горад, з часам ператворацца ў месца беларуска-нямецкага дыялогу, дзе будуць прагавораныя і асэнсаваныя самыя цяжкія пытанні.
Другое магчымае месца, дзе ахвярна-помслівая гісторыя мае перайсці ў рэчышча асэнсавання і выпрацоўкі новай архітэктуры ўзаемаадносін — мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Трасцянец — агульная назва для трох месцаў: урочышчаў Благаўшчына і Шашкава і в. Малы Трасцянец. Гэтыя беларускія мясціны сталі апошнім прыстанкам для сотняў тысяч нацысцкіх ахвяр. Ужо 11 лістапада 1941 года сюды прывозяць каля 1000 габрэяў з Гамбурга. Праз чатыры дні — яшчэ каля 1000, з Дзюсельдорфа, Вуперталя і Эсэна. Усе яны зніклі ў трасцянецкім пекле. У 1941–1943 гадах машына знішчэння набрала велізарныя абароты. У яе малох патрапілі і беларусы — сяляне, мінчане, грамадзяне іншых рэспублік былога Саюза.
Праз 20 гадоў пасля вайны на месцы несувымернай трагедыі адкрыўся першы абеліск. Ужо ў нашы часы працы па мемарыялізацыі памяці ў Трасцянцы разгарнуліся маштабна. У 2015 годзе адкрылася першая чарга комплексу «Трасцянец» — Брама памяці». Існуе і праект архітэктара Леаніда Левіна, які можа быць рэалізаваны. Кажуць, на яго ўжо сабрана патрэбная сума — 1 мільён еўра.
Калі браць пад увагу новы трэнд асэнсавання гісторыі, у які ўжо ўключылася Брэсцкая крэпасць, ёсць надзея, што і комплекс «Трасцянец» не пераўтворыцца ў ідэалагічны аб’ект, а будзе займацца культурна-асветніцкай, даследчай і адукацыйнай працай, стане месцам правядзення міжнародных гістарычных форумаў. І ўрэшце — адкрые новы фармат дыялогу паміж Беларуссю і Германіяй. Дыялогу калі не сяброў, дык хаця б партнёраў, а не былых ворагаў.