Польшча. “Грамадзянскую платформу” сёння ўзначаліць экс-старшыня МЗС
“Грамадзянская платформа” (Platfotma Obywatelska) абвесціць у аўторак вынікі выбараў старшыні партыі. Адзіным кандыдатам быў Гжэгаж Схэтына.
Гжэгаж Схэтына. Фота AR/ Krystian Dobuszyński
Сустрэча, у якой возьме ўдзел некалькі сотняў дзеячаў найбуйнейшай апазіцыйнай партыі, пачнецца а 14.00 у Варшаве. Затым у Яхранцы пад Варшавай адбудзецца сход клюбу ГП, які абмяркуе планы на будучыню. Гжэгаж Схэтына распавядзе пра тое, чым партыя будзе займацца ў бліжэйшыя месяцы. Выбары лідара ГП пачаліся 2 студзеня.
Інтэрнэт-галасаванне скончылася 7 студзеня, поштай чальцы партыі маглі галасаваць да 20 студзеня. Першапачаткова за пасаду старшыні “Грамадзянскай платформы” змагаліся былы міністр абароны Томаш Семоняк і былы міністр юстыцыі Барыс Будка. Аднак абодва пазней заявілі пра зняццё сваіх кандыдатур і падтрымку Схэтыны.
Ва ўрадзе Эвы Копач Гжэгаж Схэтына займаў пасаду міністра замежных справаў.