Пасля адступлення. Гуманітарная катастрофа ў Дэбальцава
Пасля адыходу ўкраінскіх войскаў у Дэбальцава амаль не засталося жыхароў. Абсалютная большасць пакінула паселішча, якое сталася галоўным полем бою паміж украінскім войскам і прарасійскімі баевікамі.
Пасля адступлення ўкраінскіх вайскоўцаў Дэбальцава занялі баевікі «ДНР». У іх рукі трапіла амуніцыя, якую не паспелі забраць з сабою ўкраінцы, ды
разбітая вайсковая тэхніка.
Нешматлікія мясцовыя жыхары, якія не пакінулі горад падчас эвакуацыі, падобна, сімпатызуюць баевікам. «Мы ўсе аднолькавыя – украінцы. І тут прыходзяць нашыя браты, што жывуць у іншых абласцях і бамбяць нас. Навошта – незразумела. Калі людзі не захацелі суіснаваць у адным грамадстве, трэба было гэта вырашыць дыпламатычным шляхам, а не вайсковым», – мяркуе мясцовая пенсіянерка. У пяціпавярховай «хрушчоўцы» разам з ёй жывуць ўсяго тры асобы – у розных пад'ездах. «Усе ўцяклі», – дадае жанчына.
Пасля адступлення ўкраінскіх вайскоўцаў у Дэбальцава прыбылі баевікі з артылерыяй і цяжкой тэхнікай. «Міру не будзе. Ды я б і не хацеў міру, я б хацеў усю гэтую кіеўскую
хунту павесіць проста ў іхнай Радзе за тыя пакуты, што яны прынеслі на гэтую зямлю мірным жыхарам», – сказаў журналістам адзін з прадстаўнікоў «апалчэння ДНР».
Хоць менавіта «сілы ДНР» апошнія месяцы абстрэльвалі з артылерыі горад і ваколіцы. Цяпер у Дэбальцава няма электрычнасці, праблемы з забеспячэннем вадою, яшчэ раней
баевікі падарвалі газаправод.