УГКЦ: праваслаўныя Украіны не разумеюць, чаму іх забіваюць аднаверцы з-за мяжы
Біскупы Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы сустрэліся ў Ватыкане з кардыналам Куртам Кохам, прэзідэнтам Папскай рады па садзейнічанні еднасці хрысціян.
Тэмай сустрэчы была рэлігійная сітуацыя ва Украіне ў святле падзей, якія адбыліся ў краіне на працягу мінулага года.
У звароце да кіраўніка Папскай рады па садзейнічанні еднасці хрысціян арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук прадставіў панараму рэлігійных і міжцаркоўных адносін у Украіне ў кантэксце вайны.
Кіраўнік УГКЦ адзначыў, што цэрквы і рэлігійныя арганізацыі змаглi захаваць мірныя адносіны паміж імі, нягледзячы на драматычныя абставіны вайны, у якіх жыве сёння ўкраінскае грамадства, паведамляе прэс-служба грамадства «Святая Сафія».
Інфармуючы кардынала Коха аб наступствах вайны для ўкраінскага народа, арцыбіскуп Святаслаў прывёў статыстыку забітых і параненых падчас ваенных дзеянняў. Паводле яго слоў, абсалютная большасць загінулых — гэта грамадзянскае насельніцтва, вернікі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату, якія сёння не разумеюць, чаму іх субраты па веры з суседняй дзяржавы забіваюць іх.
16–21 лютага біскупы Сінода УГКЦ наведалі розныя ватыканскія ўстановы ў рамках візітаў у Апостальскую сталіцу — ad Limina.