Партыя рэгіёнаў: "народны губернатар" ва ўмовах Украіны — гэта "правадыр бамжоў"
У Партыі рэгіёнаў патлумачылі, каментуючы інтэрв'ю Паўла Губарава, што "народны губернатар" ва ўмовах Украіны — гэта "правадыр бамжоў". Пра гэта гаворыцца ў заяве "рэгіяналаў".
"У сваім інтэрв'ю «Расійскай газеце» так званы народны губернатар Павел Губараў зрабіў некаторыя нетактоўныя заявы наконт Партыі рэгіёнаў і аднаго з яе чальцоў — Рыната Ахметава, якія, відавочна, патрабуюць тлумачэнняў", — лічаць у партыі, паведамляе "День".
"Перш за ўсё мы хацелі б падкрэсліць, што ацэнку дзейнасці Рыната Ахметава, аўтара праграмы «сіроцтву — не», стваральніка і арганізатара сістэмы дзіцячых спартыўных школ, чалавека, які вельмі шмат зрабіў для барацьбы з туберкулёзам і анкалагічнымі захворваннямі ў краіне, які рэканструяваў і стварыў з нуля сотні тысяч працоўных месцаў, пабудаваў знакамітую «Данбас Арэну», унёс вялікі ўклад у развіццё Данбаса і ўсёй Украіны, дасць грамадства, а не які-небудзь самазванец і аферыст", — гаворыцца ў заяве.
"Дарэчы, расейцы, думаецца, з цяжкасцю ўяўляюць, што такое на самай справе «народны губернатар» ва ўмовах Украіны. Калі тлумачыць даступна, карціна выглядае прыкладна так — гэта калі група бамжоў з пляжу у Туапсэ прыводзіць свайго правадыра ў Краснадарскую Думу і заяўляе: «Вось ваш новы народны губернатар». У лепшым выпадку, уся гэтая кампанія на чале з «лідарам» апынецца ў вар'яцкім доме", — прадказваюць "рэгіяналы".
"Так, Партыя рэгіёнаў у выніку незразумелых уцёкаў з краіны яе «ганаровага лідара» панесла велізарныя рэпутацыйныя страты. Але сотні тысяч шараговых членаў партыі — гэта сумленныя, працавітыя людзі, намаганнямі якіх і будзе адраджацца той узровень даверу народа да Партыі рэгіёнаў, які ў яе заўсёды быў", — кажуць у ПР.
Нагадаем, лідар "рэгіяналаў", экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч збег з Украіны. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук. Яго абвінавачваюць у стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі, праз дзейнасць якой масава гінулі людзі на вуліцы Інстытуцкай ў Кіеве 20 лютага 2014 года.