Палітычны крызіс у Нямеччыне: перамовы праваліліся
Ліберальная партыя FDP выйшла з зацяглых перамоваў аб фармаванні парламенцкай кааліцыі. Гэты палітычны крызіс можа скончыцца перавыбарамі парламента і стварае велічэзную праблему для Ангелы Меркель.
Як паведамляе BBC, лідар FDP Крысціян Ліндэр абвясціў, што яго партыя спыняе ўдзел у перамовах, якім «бракуе даверу».
Магчымасць кааліцыі хрысціянскіх дэмакратаў, «Зялёных» і лібералаў больш не стаіць на парадку дня. Перамовы цягнуліся больш за чатыры тыдні, але ўдзельнікі з рознымі ідэалагічнымі платформамі не здолелі паразумецца ў стратэгічных пытаннях падаткаў, экалогіі ды іміграцыйнай палітыкі.
Лідэр хрысціянскіх дэмакратаў і цяперашні канцлер краіны Ангела Меркель плануе афіцыйна паведаміць аб правале перамоваў прэзідэнту Нямеччыны, які мае права абвяшчэння новых выбараў.
Магчымыя перавыбары часова абмяжоўваюць эфектыўнасць Нямеччыны на еўрапейскай арэне (Меркель ужо прапусціла саміт лідэраў Еўразвязу на мінулым тыдні), пагоршаць агульнаеўрапейскую стабільнасць і могуць паставіць пад пытанне далейшую кар'еру самой канцлеркі.