Нямецкія школьніцы далучыліся да "Ісламскай дзяржавы"

Больш за 70 жыхарак ФРГ выехалі ў Сірыю і Ірак, каб далучыцца да джыхаду. "Амаль 40 працэнтаў — маладзей за 25 гадоў, сярод іх таксама дзевяць школьніц", — паведаміў кіраўнік Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі Ханс-Георг Масен.



image_big.jpg

Вярбоўшчыкі "Ісламскай дзяржавы" ствараюць у інтэрнэце спецыяльныя форумы і блогі для жанчын, часам гэта сапраўдныя даведнікі па пытаннях ісламізацыі, гаворыць Ханс-Георг Масен: "Вярбоўшчыкі звязваюцца з дзяўчатамі, якія заяўляюць на гэтых інтэрнэт-платформах аб сваёй зацікаўленасці ідэямі Ісламскай дзяржавы, і прапануюць ім выехаць з краіны і затым выйсці замуж за ісламістаў".

Паводле яго слоў, у Сеціве з'яўляюцца нават дзённікі з рамантычнымі апісаннямі жыцця ў лагерах ісламістаў. "Ідылічныя карціны ўводзяць у зман, і дзяўчаты не ўяўляюць, што іх чакае". У выніку ў іх адбіраюць пашпарты, мабільныя тэлефоны, і яны аказваюцца "цалкам ізаляванымі".

У большасці выпадкаў за рашэннем маладых жанчын далучыцца да джыхаду крыюцца псіхалагічныя праблемы і сацыяльная неўладкаванасць, іх адрознівае таксама нізкі ўзровень адукацыі, адзначае супрацоўнік Упраўлення крымінальнай паліцыі федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц, ісламазнаўца Марван Абу-Там. "Аднак сярод іх ёсць таксама і дзяўчаты з вышэйшай адукацыяй, і на іх Ісламская дзяржава робіць асаблівую стаўку", — гаворыць эксперт.

Цяпер службы бяспекі не валодаюць дадзенымі аб тым, што жанчын з Еўропы рыхтуюць да ролі тэрарыстаў-самагубцаў, аднак у будучыні гэта не выключана. "Гэта толькі пытанне часу", — лічыць Марван Абу-Там і прыводзіць у якасці прыкладу "чорных удоў" у Чачні.

Deutsche Welle